На рэканструкцыю дарогі Менск — Гародня Сусветны банк дае 250 млн. долараў



 

Сусветны банк выдзяляе 250 млн. долараў на рэканструкцыю аўтадарогі М6 Менск — Гародня, паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка (СБ) у Беларусі Ян Чул Кім 29 ліпеня у час цырымоніі пачатку работ па рэканструкцыі аўтадарогі.

Паводле яго слоў, гэта самы буйны праект з удзелам Сусветнага банка ў Беларусі.

Як паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, удзел у цырымоніі ўзялі намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін і першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка.

Кіраўнік прадстаўніцтва падкрэсліў, што беларускія падрадчыкі выйгралі конкурс у праекце, які фінансуецца Сусветным банкам, на будаўніцтва аўтадарогі. І беларускія падрадчыкі выступілі ў якасці генпадрадчыка. „Раней банк працаваў над мадэрнізацыяй аўтадарогі М5. Практычна 99% работ па яе рэканструкцыі выконвалі беларускія кампаніі”, — адзначыў Ян Чул Кім. Паводле яго слоў, беларускія кампаніі могуць адпавядаць самым высокім стандартам і патрабаванням, якія прад`яўляе Сусветны банк у сваіх праектах.

Пры рэалізацыі праекта па рэканструкцыі аўтадарогі М6 будуць прымяняцца найбольш сучасныя тэхналогіі, якія прымяняліся пры мадэрнізацыі дарогі М5, сказаў Ян Чул Кім, напрыклад сістэма дынамічнага ўзважвання. Яе ўстаноўка дазволіць узважваць грузавы аўтатранспарт без яго спынення.

Завяршыць работы плануецца ў верасні 2018 года.

БелаПАН