На “РэМары” абудзецца ролевая гульня паводле Оруэла



Задзіночанне беларускіх студэнтаў правядзе ролевую гульню па матывах твора Джорджа Оруэла “1984”. Падзея адбудзецца ў межах моладзевага фэсту “РэМара”. Удзельнікі мерапрыемства змогуць не толькі забаўляцца, наведваць студэнцкія воркшопы, але і напоўніцу адчуць на сабе ціск таталітарнай дзяржавы. “РэМара – гэта не проста студэнцкі фестываль, але своеасаблівая школа грамадскага жыцця,” – гаворыць Яўген Міхасюк, суарганізатар фэсту “РэМара”.

– Рэспубліка Мара, тая ж “РэМара”,  – гэта тая краіна, якую мы хочам стварыць. Але ў гэтым годзе мадэлюецца Оруэл “1984”. Мы вырашылі, што трэба ісці ў адваротны бок – мы спрабавалі сказаць моладзі: вось у вас ёсць усе магчымасці пабудаваць краіну ў якой вы хочаце жыць. А зараз мы хочам даць ім стартавыя ўмовы, якіх ніякі нармальны чалавек не хоча.

“Нам цікава паглядзець, ці нешта зменіцца, ці яны скажуць “і так добра”, – дадаў Яўген Міхасюк. Фэстываль “РэМара” пройдзе на хутары “Шаблі”. Удзел у ролевай адукацыйнай гульні па матывах “1984” возьме блізу 70 чалавек. Арганізатары фестывалю спадзяюцца, што “РэМара” стане штогадовай імпрэзай.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя