На сайце абласной газеты з фатаграфіі „знікла” ікона



Савецкага саюза даўно няма і царква жыве свабодна, але ў Гародні адбылася „містычная” сітуацыя ў духу самых цёмных гадоў „ваяўнічага атэізму”. З фатаграфіі на сайце абласной газеты „Гродзенская праўда” знікла ікона Хрыста, пры гэтым на іншых фота ў гэтым жа матэрыяле ікону відаць. Хтосьці добра папрацаваў у фоташопе, вось толькі для чаго?

Фота зроблена 6 траўня падчас пасадкі алеі „Сирень Победы” недалёка ад Каложскай царквы. У акцыі ўдзельнічалі старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой, ветэраны, школьнікі і прадстаўнікі царквы.

Усё праходзіла побач з парафіяльным цэнтрам, дзе над уваходам пастаянна вісіць ікона Хрыста. Удзельнікі фатаграфаваліся на фоне будынка, дзе ікону добра відаць. Акрамя адной загалоўнай фатаграфіі „ГП”. На ёй ікона знікла і гэта выклікала абурэнне ў вернікаў, прадстаўнікоў царквы і савета ветэранаў.

Адфоташоплены здымак перадрукавалі раённыя газеты

„Мы, удзельнікі ўрачыстага мітынгу ў Каложскім парку, былі вельмі абураныя, здзіўлены і заклапочаныя тым, што на фота, апублікаваным на сайце газеты «Гродзенская Праўда» ад 06.05.2017 года, адсутнічае ікона Хрыста. Падобныя скажэнні рэчаіснасці падрываюць аўтарытэт СМІ”, — напісаў у газету старшыня ветэранскай арганізацыі пры ЖЭС-5 Пісараў В.А.

Ліст ветэранаў

„Адышлі ў нябыт года, калі гэта практыкавалася. Сучасная праваслаўная царква актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці краіны, клапоціцца аб патрыятычным выхаванні моладзі, прывiваючы людзям любоў і павагу адзін да аднаго, нясе словы Праўды.

Хацелася б ведаць ад каго зыходзіла ініцыятыва замаляваць на фота ікону і ў імя чаго?” — пытаецца ветэран.

Фотаздымак, дзе iкона выразна бачная

Настаяцель Каложскай царквы Аляксандр Балоннікаў таксама здзіўлены: чаму такое адбылося, бо ён, як і ўсе, удзельнічаў у пасадцы алеі і нічога прадузятага не назіраў.

„Калі мне пра гэта сказалі людзі, якія чытаюць” Гродзенскую праўду „, я быў здзіўлены. Хочацца верыць, што гэта непаразуменне. І калі гэта сапраўды так, то мы спадзяемся, што рэдакцыя „ГП” выправіць гэтую тэхнічную недакладнасць”.

Навіну з фотаздымкамі перадрукавалі некалькі раённых газет і сайт Гарадзенскага гарвыканкама. Так па сетцы распаўсюдзілася „Гродзенская няпраўда”.

Здымак, на якім знікла ікона, на сайце гарвыканкама
Пасля шматлікіх скаргаў у рэдакцыю газеты, галоўную фатаграфію памянялі. Зараз на ёй прысутнічае ікона. Але на сайтах, што зрабілі перадрукі, фатаграфія застаецца старой.

hrodna.life