На Шаркоўшчыне прайшоў другі “Бульбафэст”



Другі па ліку “Бульбафэст” зладзілі шаркоўшчынскія і глыбоцкія грамадскія актывісты ў вёсцы Германавічы Шаркоўшчынскага раёна. Ён праходзіў на тэрыторыі Культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча. У гэтым годзе на яго завіталі не толькі беларусы, але і госці з Польшчы і Расеі.

Паводле галоўнага арганізатара свята, грамадскай актывісткі з Шаркоўшчыны Ады Райчонак, сёлетні фэст атрымаўся больш цікавым за папярэдні . У гэтым годзе ў сцэнар былі ўключаныя гумарэскі і аўтэнтычная беларуская музыка.

Пакуль жывая і на нагах, я буду праводзіць гэтае мерапрыемства. Тым больш кола маіх сяброў пашыраецца. І сябры мяне вельмі шчыра падтрымліваюць. Я вельмі шчаслівая, што яны ў мяне ёсць.

На фэсце для прысутных выступіў лідар рок-гурта “Sumarok” з Полацка Ігар Палынскі, дудар з Глыбоччыны Віталь Воранаў, народны фальклорны калектыў “Купалінка” з Каўшэлева Шаркоўшчынскага раёна і іншыя. Свае вершы прачыталі паэты літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. Але ўсё ж галоўная ўвага была нададзеная разнастайным стравам з бульбы, якія прыгатавалі і прэзентавалі прысутным арганізатары і госці свята.

Таццяна Смоткіна, Беларусскае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі