На ўчастку Лукашэнкі быў лепшы буфет



Аляксандр Лукашэнка традыцыйна галасуе на ўчастку ва ўніверсітэце фізкультуры, які знаходзіцца недалёка ад Драздоў. І буфет тут сапраўды найлепшы ў краіне.

Ля прылаўкаў на ўчастку прэзідэнта стаіць сціплая цёмнавалосая жанчына, назірае, ці ўсё стравы прыгожа выкладзеныя. Гэта Таццяна Пунтус, загадчыца вытворчасці кулінарыі рэстарана „Радзівілаўскі”. Яе кухары працавалі ўсю ноч, каб прыгатаваць стравы для ўчастка, на якім будзе галасаваць прэзідэнт.

Для таго, каб усё гэта прыгатаваць, каб усе стравы былі сёння свежымі, мы пачалі працаваць у 10 гадзін вечара напярэдадні. Усяго рыхтавала пяць чалавек, — распавяла яна.

Цяпер на ўчастку можна купіць не ўсё, што выстаўлена на прылаўку. Але пасля таго, як прагаласуе Аляксандр Лукашэнка, жадаючым прададуць і ракаў, і прыгожае сала, і нават вэнджанага парася.

Дарэчы, за парасём ўжо з’явілася чарга – з тых, хто прыйшоў на ўчастак раней за ўсіх.

kp.by, фота Віктар Гіліцкі