На ўкраінскім тэлебачанні выйшаў дакфільм „Хітры Бацька”



На ўкраінскім тэлеканале „2+2” выйшаў дакументальны фільм „Хітры Бацька. Як Беларусь зарабляе на вайне Украіны і Расеі”. Фільм ужо неаднойчы трансляваўся ва Украіне і выклікаў неадназначаную рэакуцю ва ўкраінскім грамадстве.

Стужка ўкраінскіх кінадакументалістаў прысвечаная не толькі эканамічным выгодам, якія Беларусь атрымлівае ў выніку вайны паміж Расейскай Федэрацыяй і Украінай, але і „беларускаму парадку”. Вынікае, што чысціня і парадак у нашай краіне – не плён працавітасці беларусаў, а выключная заслуга Аляксандра Лукашэнкі. Галоўныя мэсыджы ўкраінскага фільма наступныя: Лукашэнка – суворы, але справядлівы кіраўнік дзяржавы, які дбае пра свой народ. Народ, паводле стваральнікаў тэлефільма, жыве зусім няблага: хоць і невысокія, але стабільныя зарплаты, нізкая плата за камунальныя паслугі і Вечны агонь у цэнтры кожнага пасёлка.

„Пакуль усё гэта ёсць – ні Майдана, ні рэвалюцыі, ні змены дыктатуры ў Беларусі не будзе”, – сцвярджаюць стваральнікі фільма.

Ва Украіне стваральнікаў гэтай кінастужкі ўжо вінавацяць у павярхоўнасці і некампетэнтнасці.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя