На ўліку ў анколагаў знаходзіцца кожны 34-ты жыхар Беларусі



На дыспансерным уліку ў анколагаў знаходзіцца кожны 34-ты жыхар Беларусі, паведаміў галоўны пазаштатны анколаг Міністэрства аховы здароўя — дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Алег Суконка на калегіі ўпраўлення аховы здароўя Менскага аблвыканкама 1 сакавіка ў Менску.

У 2016 годзе на дыспансерным уліку было 281.714 чалавек, што на 20,4% больш, чым у 2011-м. Больш за ўсё людзей, якія перанеслі рак, жыве ў Менску — 61.274 (у 2011 годзе — каля 50 тыс.).

Разам з тым паступова памяншаецца колькасць памерлых ад анкалагічных захворванняў — 17.129 у 2016 годзе супраць 17.186 у 2011-м, сказаў Суконка. У той жа час у Менску колькасць памерлых ад анкалагічных захворванняў павялічылася на 2,2%, у Менскай вобласці — на 0,7%.

Колькасць памерлых ад раку ў працаздольным узросце ў 2016 годзе зменшылася ў цэлым па краіне на 4,5% і склала 4.396 (4.576 у 2015-м). Толькі ў Берасцейкай вобласці колькасць памерлых павялічылася (на сем чалавек).

Суконка адзначыў, што ў Менскай вобласці каля 20% паміраюць ад раку лёгкіх, 11,2% — ротавай поласці, 10,4% — страўніка, каля 6% — ад раку малочнай залозы, каля 5% — стрававода, 4,4% — шыйкі маткі. Галоўны анколаг звярнуў увагу на тое, што сярод самых распаўсюджаных лакалізацый раку, якія прыводзяць да смерці, ёсць візуальныя формы, для выяўлення якіх неабходны толькі ўважлівы медычны агляд. Напрыклад, рак поласці рота можа быць выяўлены на аглядзе ў стаматолага.

Начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама Наталля Баярская паказала на праблему позняй выяўлення анкалагічных захворванняў і высокі ўзровень анказапушчанасці ў рэгіёне. На ранняй стадыі (I і II) выяўляюць 61,8% выпадкаў раку пры кантрольным паказчыку 70%. У шэрагу раёнаў сітуацыя значна горшая, чым па вобласці ў цэлым. Напрыклад, у Чэрвеньскім раёне на ранняй стадыі выяўляюць толькі 56% выпадкаў раку, у Валожынскім — каля 54%. Больш за 70% выпадкаў захворвання на ранняй стадыі дыягнастуюць у Мінскім і Вілейскім раёнах.

Баярская падкрэсліла значнасць скрынінгавых праграм для ранняга выяўлення раку. У межах пілотнай праграмы па скрынінгу раку тоўстай кішкі ў Салігорскім раёне было абследавана 353 чалавекі, з якіх рак быў выяўлены ў чатырох. Было таксама выдалена 132 палiпы, з якіх у будучыні магла б утварыцца пухліна.

Перашкодай для правядзення скрынінгу Баярская назвала недахоп персаналу, а таксама нежаданне пацыентаў абследавацца.

БелаПАН