На Віцебшчыне з нафтавода выкралі паліва на 1 млрд рублёў



Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да групы з 11 чалавек, якія падазраюцца ў крадзяжы паліва на суму больш за 1 млрд рублёў з нафтапрадуктаправода Полацк-Вентспілс, паведаміў сёння старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч на пасяджэнні калегіі ведамства па выніках працы за 2015 год.

«У Віцебскай вобласці дзякуючы стараннай і зладжанай працы супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС і Следчага камітэта днямі была выкрыта арганізаваная група. Затрыманыя 11 чалавек, якія займаліся крадзяжом дызельнага паліва шляхам незаконнай урэзкі ў магістральны нафтапрадуктаправод Полацк-Вентспілс, для чаго быў пракладзены рукаў даўжынёй каля двух кіламетраў», — сказаў Іван Наскевіч.

Па звестках следства, для захоўвання дызпаліва выкарыстоўваўся рэзервуар, схаваны пад гаспадарчыя пабудовы згарэлага домаўладання ў адной з вёсак Віцебскай вобласці. У арганізацыі злачыннага бізнесу падазраецца 44-гадовы жыхар Браслава.

Паводле аператыўнай інфармацыі, схема дзейнічала з 2013 года. Для ўрэзкі ў нафтапрадуктаправод і адпампоўвання гаручага выкарыстоўвалася сучаснае абсталяванне, якое закуплялася за мяжой. «Ужыванне тэхналогіі не дазваляла ў рэжыме рэальнага часу зафіксаваць спад ціску ў трубах і, адпаведна, спыніць крадзеж», — адзначылі ў Следчым камітэце.

Каб выкрыць злачынную групу, аператыўнікі працавалі год. «Дзеянні падазраваных кваліфікаваныя як крадзеж, учынены групай асоб, у асабліва буйным памеры», — дадалі ў ведамстве.

Следчыя і аператыўнікі працуюць з затрыманымі, праводзіцца агляд месца ўрэзкі ў нафтапрадуктаправод і сховішча з палівам. Канчатковая сума шкоды яшчэ будзе высвятляцца.

БелТА