На волю выйшаў берасцейскі журналіст Зміцер Гарбуноў



Пасля 15-ці сутак арышту на волю выйшаў берасцейскі журналіст Зміцер Гарбуноў. Ён адбываў пакаранне за ўдзел і заклікі да несанкцыянаванага мерапрыемства – “Маршу недармаедаў”. Пасля вызвалення журналіст акцэнтаваў увагу на тым, што тыя прадстаўнікі сілавых структураў, якія даюць у судзе непраўдзівыя паказанні, у будучым павінны за гэта адказаць:

– Увесь час думаў, як так можа быць, пра гэта пісаў яшчэ Шаламаў у сваіх творах… У судзе маёр Шчыперка і старэйшы лейтэнант Грышкоў спачатку ідуць да сакратара суддзі распісвацца за дачу непраўдзівых сведчанняў, потым, праз тры хвіліны, пачынаюць сцвярджаць, што я нібыта крычаў “Далоў Лукашэнку!”, “Далоў уладу!”, пляскаў у далоні і пры гэтым камера была ў маіх руках. Для мяне ўсё гэта вельмі дзіўна, бо ўсе гэтыя сведчанні там фіксуюцца пад пратакол.

Як распавёў Зміцер Гарбуноў, за кратамі аднолькава жорсткія адносіны да тых, хто адбывае адміністрацыйнае пакаранне, і да тых, хто праходзіць па крымінальнай справе.  

Беларускае Радыё Рацыя