На выхадныя сіноптыкі прагназуюць дажджы і мокры снег



На выходных надвор’е зменіцца, магчымыя дажджы і мокры снег, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.

«Умовы надвор’я на тэрыторыі Беларусі ў асноўным будуць вызначаць франтальныя раздзелы, па паўночным усходзе краіны адаб’ецца ўплыў вобласці павышанага атмасфернага ціску», — сказаў сіноптык.

У суботу, 22 кастрычніка, ноччу ў заходніх, а днём і ў цэнтральных раёнах дажджы. Вецер паўднёва-ўсходні 6—11 м/с, парывы да 14 м/с, у дзённыя гадзіны ў асобных раёнах парывы 15—18 м/с. Тэмпература ноччу 0 — плюс 6°С, па паўночным усходзе мінус 1—5°С, днём плюс 2—8°С.

У Менску без істотных ападкаў, толькі вечарам магчымы невялікі дождж. Тэмпература ноччу каля 0°С, днём плюс 3—5°С.

У нядзелю на большай частцы тэрыторыі дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы мокры снег, слабы галалёд. У асобных раёнах узмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература ноччу ад мінус 3°С па паўночным усходзе да плюс 6°С па паўднёвым захадзе, днём плюс 2—8°С, па паўднёвым захадзе да 10°С.

У Менску дождж. Тэмпература ноччу плюс 2—4°С, днём каля плюс 4°С.

Паводле слоў Рабава, у панядзелак надвор’е крыху палепшыцца: у асобных раёнах, пераважна па заходняй палове, кароткачасовыя дажджы, ноччу і раніцай магчымы мокры снег, слабы галалёд. Тэмпература ноччу ад мінус 3°С па паўночным усходзе да плюс 6°С па паўднёвым захадзе, днём плюс 1—8°С.

«Да сярэдзіны тыдня надвор’е зноў істотна сапсуецца, і ўжо ў сераду на большай частцы тэрыторыі ападкі (мокры снег, дождж), у асобных раёнах моцныя ападкі, ноччу і раніцай слабы галалёд. У асобных раёнах узмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с», — паведаміў сіноптык.

БелаПАН