Начальнік лоеўскай міліцыі прайграў у судзе незалежнаму журналісту



Начальнік лоеўскай міліцыі прайграў у судзе незалежнаму журналісту. Суддзя Цэнтральнага раённага суда Гомеля Алена Званко палічыла прэтэнзіі падпалкоўніка міліцыі Уладзіміра Бухаўцова да тэлеканала “Белсат” і відэааператара Кастуся Жукоўскага – неабгрунтаванымі. Прадстаўнік “Белсата” ў Беларусі Аляксей Мінчонак вельмі ўсцешаны аб’ектыўным разглядам справы:

– Вельмі дзіўнае рашэнне для беларускіх рэалій. Чакалі, што  суд увогуле адмовіць у разглядзе, таму што мы з’яўляемся замежнай юрыдычнай асобай. Але больш нечакана, шо адхіленыя ўсе патрабаванні да Жукоўскага. Не ведаю, з чым гэта звязваць. Мы задаволеныя такім выракам,  натуральна, абскарджваць не будзем. 

Журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі вельмі здзівіўся, што суд не заняў пазіцыю міліцыянта:

– У сувязі з тым, што апошнім часам улада зноў пачала жыць не па законе, а па панятках у адносінах да журналістаў, іх пачалі хапаць, складаць левыя пратаколы, то я дапускаў адсоткаў на 80, што суд прыме бок Бухаўцова. Але ж суддзя прыняла нейтральнае рашэнне. Яна па-просту адмовіла яму ў сувязі з тым, што ён звярнуўся не ў той суд. І параіла яму звяртацца ў суды Рэспублікі Польшча.

Начальнік лоеўскай міліцыі Уладзімір Бухаўцоў выставіў Жукоўскаму і тэлеканалу „Белсат” пазоў пра абарону гонару і дзелавой рэпутацыі за відэасюжэты “Міліцыянты бʼюць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду” і “Будзённае жыццё рэгіёну Лоеў”. Праваахоўнік хацеў спагнаць з журналіста дзьве тысячы беларускіх рублёў кампенсацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель