Начальнік лоеўскай міліцыі судзіцца з журналістам-фрылансерам



У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля праходзіць разгляд зыску падпалкоўніка міліцыі Уладзіміра Бухаўцова ў дачыненні незалежнага відэааператара Кастуся Жукоўскага. Міліцыянт абураецца параўнаннем дзеянняў ягоных падначаленых з метадамі працы нацыстоўскай палітычнай паліцыяй гестапа.

Кастусь Жукоўскі адзначае, што гэта ягонае меркаванне сфармавалася пасля таго, як міліцыянты збілі яго ў Лоеве падчас выканання прафесійных абавязкаў.

Кастусь Жукоўскі:  Мы з калегам Атрошчанкам здымалі сюжэт пра праблемы на прадпрыемствах Лоева. Гэта стала прычынай нашага затрымання, пасля чаго ў міліцэйскім пастарунку на мяне надзелі кайданкі, павалілі на зямлю, збілі. А цяпер у судзе міліцыянт даказвае, што яго абразілі. Насамрэч, як адзначаюць праваабаронцы, і я гэта заўважаю, што ніякіх канкрэтных доказаў у яго няма.  

Міліцыянт Уладзімір Бухаўцоў спрабуе ў якасці суадказчыка таксама прыцягнуць да адказнасці тэлеканал „Белсат”, на якім дэманстраваліся сюжэты пра метады працы лоеўскай міліцыі. Прадстаўнік „Белсату” Аляксей Мінчонак адкідае прэтэнзіі міліцыянта.

Аляксей Мінчонак: – Міліцыянт не прадастаўляе ніякіх доказаў таго, што сапраўды была абражаная ягоная годнасць ці дзелавая рэпутацыя. У сюжэце тэлеканала „Белсат” няма ні разу згадкі пра яго, ягонае прозвішча не называецца. Ёсць кадры, на якіх ён ці затрымлівае Жукоўскага, ці спрабуе пашкодзіць тэхніку. Але ён тады знаходзіўся пры выкананні службовых абавязкаў, здымкі вяліся ў грамадскім месцы, таму ягоныя правы не былі парушаныя.

Уладзімір Бухаўцоў намераны спагнаць з журналіста Канстанціна Жукоўскага 2 тысячы беларускіх рублёў кампенсацыі. Запатрабаваная сума мусіць быць пералічана на рахунак дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Лоеве. Працяг разгляду справы адбудзецца 20 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя