Начальніка Баранавіцкай ДАІ нарэшце ўзялі пад варту



Маёр Андрэй Ваўкавыцкі, які збіў насмерць жанчыну, будзе чакаць суда ў СІЗА.

jwiuhuzxot4-y9fcr

Начальніка Баранавіцкай ДАІ Андрэя Ваўкавыцкага, які ў нецвярозым стане, 26 лістапада збіў жанчыну, узялі пад варту, паведаміла tut.by афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

«Следствам у дачыненні да часовага выканаўцы абавязку начальніка аддзела ДАІ Баранавіцкага ГАУС вынесена пастанова аб прымяненні меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, якая 29 лістапада 2016 года санкцыянаваная пракурорам. Расследаванне працягваецца», — паведаміла Юлія Ганчарова.

У дачыненні да часовага выканаўцы абавязку начальніка аддзела ДАІ Баранавіцкага ГАУС Андрэя Ваўкавыцкага распачатая крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 317 КК (Парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула праз неасцярожнасць смерць чалавека).

Нагадаем, трагедыя адбылася а 20.30 26 лістапада ў Ляхавіцкім раёне. П’яны начальнік Баранавіцкай ДАІ Андрэй Ваўкавыцкі на аўтадарозе Ляхавічы-Баранавічы да смерці збіў жыхарку Слуцка, што пераходзіла дарогу. Праведзены агляд паказаў, што ў яго крыві ўтрымлівалася амаль 3 праміле алкаголю.