Над Бярозаўкай лунае дзяржаўны сцяг, які вісіць дагары нагамі



Некалькі дзён ля адміністрацыі шклозавода “Нёман” лунае дзяржаўны сцяг, які вісіць дагары нагамі.

DSCF5763

Адметна тое, што практычна праз дарогу ад адміністрацыі прадпрыемства знаходзіцца Бярозаўскі гарадскі выканаўчы камітэт, які выходзіць на яе вокнамі, а праз прахадную шклозавода штодня праходзяць тысячы рабочых і супрацоўнікаў адміністрацыі, якія за некалькі дзён не змаглі заўважыць, што дзяржаўны сцяг вісіць няправільна.

DSCF5769

Не адразу гэта заўважылі і мінакі, жыхары Бярозаўкі:

– Я і не ведаў, што гэта нейкае значэнне мае, калі зялёнае – ўнізе, а чырвонае – ўверсе. Не звяртаў увагі неяк.

– Па-мойму, сцяг вісіць дагары нагамі. Яго няправільна павесілі.

– Усё ж такі гэта сцяг Рэспублікі Беларусь, і трэба з большай павагай адносіцца да такіх рэчаў.

Па словах грамадскага актывіста з Бярозаўкі Юрася Дзяшука, бярозаўскія чыноўнікі ўжо не першы раз адзначыліся падобным чынам. Падчас выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў 2010 года на адным з выбарчых участкаў палову дня дзяржаўны сцяг правісеў дагары нагамі і старшыня камісіі і яе члены і назіральнікі заўважылі гэта толькі пасля яго заўвагі.

Беларускае Радыё Рацыя, Бярозаўка