Напад на выставу беларускага фатографа ў Маскве



Яшчэ на адну фотавыставу ў Маскве здзейснены напад. Малады чалавек заліў фарбай і сарваў з экспазіцыі некалькі фотаздымкаў, якія былі выстаўлены ў цэнтры імя Андрэя Сахарава. Напад здзейснены на фотаздымкі беларускага фотажурналіста Аляксандра Васюковіча, які прадстаўляў праект пра загінуўшых у Данбасе ўкраінскіх салдатах. Нападніка тэлеканал РЕН-ТВ прадстаўляе як нейкага мастака Арцёма Белікава. Хуліган звінаваціў фатографа і арганізатараў выставы ў прапагандзе фашызму. Паведамляецца, што Белікаў зышоў да прыезду паліцыі.

Гэта ўжо другі напад на выставы ў Маскве за тыдзень. Некалькі дзён таму актывіст адной з пракрамлёўскіх арганізацый абліў мачой фотаздымкі Джока Стэрджэса ў Цэнтры імя братоў Люм’ераў. Ён звінаваціў фатографа ў прапагандзе педафіліі.

   Аляксандр Васюковіч нарадзіўся ў 1985 годзе ў Менску. У фотажурналістыцы з 2011 году. У 2012-ым атрымаў Гран-Пры конкурсу „Прэс-фота Беларусі” і першае месца ў „Прэс-фота Беларусі-Мультымедыі”. Робіць рэпартажы па ўсёй Беларусі і за яе межамі. Асвятляў падзеі 2014 году ва Ўкраіне.

Напад на выставу быў здзейснены ў час творчай сустрэчы з фатографам.

Беларускае Радыё Рацыя