„Нападнік з бензапілой” прыгавораны да 15 гадоў



Былы студэнт першага курса Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін (МІПСА) 18-гадовы Уладзіслаў Казакевіч, які напаў з бензапілой на людзей у менскім ГЦ „Новая Еўропа” 8 кастрычніка, прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такую пастанову вынес 3 сакавіка Менскі гарадскі суд.

Справа слухалася ў будынку Менгарсуда, а абвяшчэнне прысуду адбылося ў памяшканні суда Маскоўскага раёна сталіцы — самай вялікай зале.

Суд таксама пастанавіў спагнаць у якасці матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды на карысць усіх пацярпелых больш за 220 тысяч рублёў, больш за ўсё — 55 тысяч — на карысць дачкі забітай.

Казакевіч выслухаў прысуд абсалютна спакойна.

Суд таксама вынес прыватныя вызначэнні ў адрас МІПСА і ўрачоў, але пра іх сутнасць суддзя Павел Арлоў нічога не паведаміў.

Прысуд можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе. Адвакат адмовіўся адказаць на пытанне, ці будзе гэта зроблена.

Казакевіч абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 139 КК (падрыхтоўка да забойства двух і больш асоб), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 КК (замах на забойства двух і больш асоб), ч. 2 арт. 139 КК (забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх меркаванняў), ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства).

Як заявіў у судзе дзяржабвінаваўца Алег Буйлянкоў, Казакевіч рыхтаваў масавае забойства. Абвінавачваны гэтага не адмаўляў і ва ўсіх дэталях расказваў падрабязнасці падрыхтоўкі да ўчынення злачынства — аж да таго, як хацеў запрасіць да сябе прастытутку, каб патрэніравацца забіваць бензапілой і пакаштаваць чалавечыны.

Дзяржабвінаваўца адзначаў, што забойства планавалася ўчыніць з асаблівай жорсткасцю — на гэта Казакевіч пайшоў у тым ліку з-за расчаравання ў сабе і нянавісці да людзей. Рыхтуючыся да злачынства, абвінавачваны купіў бензапілу, сякеру-калун, балаклаву, навушнікі, каб не чуць гукаў пілы і крыкаў забіваных людзей, і цёмныя акуляры.

Паводле дадзеных следства, масавае забойства Казакевіч меў намер учыніць у МІПСА 7 кастрычніка (чатырма днямі раней ён быў адлічаны з гэтай ВНУ за сістэматычныя прагулы). З заведзенай бензапілой і калуном ён збіраўся зайсці ў аўдыторыю, дзе ў той дзень займаліся 178 студэнтаў, каб напасці на іх. Давесці свой намер да канца абвінавачваны не змог — заведзеная ў прыбіральні бензапіла заглухла, а завесці яе паўторна ён не змог, пасля пакінуў ВНУ.

На наступны дзень, 8 кастрычніка, Казакевіч вырашыў не ехаць у МІПСА. Выпіўшы гарэлкі, ён каля 17.30 зайшоў у гандлёвы цэнтр „Новая Еўропа” з чахлом для гітары, дзе ляжала ўжо гатовая да прымянення бензапіла. Першай Казакевіч паспрабаваў забіць жанчыну, якой удалося ўцячы. Другой жанчыне — Алене Александронец (1973 года нараджэння) — ён нанёс два ўдары бензапілой у вобласць шыі. Пасля таго, як бензапіла трапіла ў ланцуг адзення пацярпелай і заглухла, нападнік дабіў жанчыну калуном.

Затым, працягваючы перамяшчацца па ГЦ, Казакевіч прычыніў цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці яшчэ двум жанчынам — ім пасля была аказана медыцынская дапамога. Праз непрацяглы час хлопца затрымалі работнікі і наведвальнікі ГЦ, а таксама супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца здарэння.

З першага допыту Казакевіч тлумачыў свае дзеянні тым, што проста хацеў павесяліцца — іншых мэтаў у яго не было. Маладога чалавека адольвала прага забойства, прыцягвалі гвалт і кроў. На першым жа допыце абвінавачваны заявіў, што быў бы не супраць, калі б яго разарваў „раз’юшаны натоўп”, паколькі гэта лепш, чым „гніць у турме”. Галоўным для яго быў гвалт. Нянавісці да асобных людзей, мяркуючы паводле слоў Казакевіча, ён не адчуваў, „прэтэнзіі” ў яго былі да вялікіх груп людзей — напрыклад, ён ненавідзеў мусульман. Разважаў пра ўчыненне тэракта, вывучаў магчымасць куплі агнястрэльнай зброі.

Вучачыся ў школе, Казакевіч двойчы спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Падчас знаходжання ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў яго было дыягнаставана шызоіднае расстройства асобы. Юнак знаходзіўся на ўліку ў дзіцячым псіханеўралагічным дыспансеры, аднак потым быў зняты з уліку.

Згодна з заключэннем стацыянарнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, у перыяд учынення злачынства Казакевіч мог у поўнай меры ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

У апошнім слове 27 лютага абвінавачваны заявіў: „На жаль, я не выканаў усіх сваіх планаў па масавых забойствах. Я вярнуся, каб скончыць пачатае”.

Агульная сума заяўленых яму іскаў на кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды ад пацярпелых па справе складала каля 265 тысяч рублёў. Казакевіч заявіў, што родныя ахвяры „занадта шмат патрабуюць”, ён згодны кампенсаваць толькі выдаткі, звязаныя з арганізацыяй пахавання загінулай жанчыны. Маральныя пакуты сваякоў яго не хвалююць.

Па справе праходзілі сем пацярпелых: маці, муж, сястра і дачка загінулай Алены Александронец, а таксама Аксана Вітвер, якая да гэтага часу аднаўляе здароўе пасля нападу, Ірына Баешка і Ганна Розентава.

БелаПАН