Наступствы чарговай навальніцы (абноўлена)



Па стане на 17-ю гадзіну без электраэнергіі застаюцца 20 населеных пунктаў, – паведамляюць у вытворчым аб’яднанні “Белэнерга”. Работы па аднаўленні энергазабеспячэння ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях працягваюць дзвесце брыгад.

Па стане на 13-ю сёння колькасць адключаных населеных пунктаў складала 110.

Мінулай ноччу па тэрыторыі Беларусі прайшоў навальнічны фронт, які стаў прычынай адключэнняў святла ў 760 населеных пунктах. Удары маланкі выклікалі некалькіх пажараў.

* * *

Падчас нядзельнае навальніцы ў Беларусі былі абясточаныя 766 населеных пунктаў. Зафіксаваныя 56 выпадкаў падзення дрэў на праезныя часткі аўтадарогаў. Пацярпелых няма.

Тым часам, менскія вуліцы ачысцілі ад большае часткі зламаных ураганам дрэваў. Навальніца, якая прайшлася па сталіцы 13 ліпеня, паваліла амаль 7400 дрэваў. Засталося прыбраць каля 2 тысячаў.

На гэтым тыдні сіноптыкі прагназуюць няўстойлівае халаднаватае надвор’е. Ізноў магчымыя навальніцы, вельмі моцныя дажджы і град, парывісты вецер. Бліжэй да выходных надвор’е палепшыцца.