Наступствы смерчу на Шаркоўшчыне дагэтуль не ліквідаваныя



Застацца сам-насам са сваёй бядой усё ж прыйшлоя некаторым жыхарам Шаркоўшчыны, якія пацярпелі ад смерча 11 ліпеня. Хоць асноўныя завалы і разабраныя, на некаторых дамах накрытыя дахі, але вокны ў кватэрах  і пад’ездах да гэтай пары стаяць разбітыя і зацягнутыя плёнкай. У людзей на іх замену проста не стае грошай.

smerch-915 ліпеня Шаркоўшчыну наведаў старшыня Камітэта дзяржкантролю Беларусі Леанід Анфімаў і абяцаў, напрыклад, па словах жыхароў дамоў па вуліцы Скарыны, ператварыць іх дамы амаль у новыя.

Але не ўсе жыхары вераць у гэтыя абяцанні, яны ўжо проста перасталі давяраць уладам:

– Першы дзень мы ўсе галасілі, плакалі, прыбіралі, чысцілі. Нікога не было. На другі дзень прыехалі супрацоўнікі райвыканкаму. Прадстаўнікі МНС самалёцікі пускалі ды фатаграфавалі замест таго, каб пенсіянерам дапамагаць шыфер цягаць на дах.

– Вокнаў няма, плёнкай забіў. Ніхто не дапамагае. Прыходзілі, вокны замералі і ўсё.

– Вось мае вокны. Каб у іх шкло паставіць, трэба 5 млн. Не гаворачы пра тое, што нас яшчэ і заліло. Пашкоджаны і падлога, і столь.

– Амаль усе кватэры на другім паверсе заліло. Адвалілася плітка і шпалера. Усё людзі купляюць за свой кошт і плачуць, бо тут жывуць пенсіянеры. Прывезлі шыфер, а накрыць дах няма каму, бо ніхто не дапамагае.

У Шаркоўшчыне людзі маюць найменшыя заробкі ў Беларусі, таму яны просяць неабыякавых людзей дапамагчы чым-небудзь: будаўнічымі матэрыяламі, сродкамі, працай у вырашэнні іх праблем. Асабліва цяжка зараз пенсіянерам разабрацца з наступствамі стыхіі.

Нагадаем, ад смерчу ў Шаркоўшчыне пацярпела яе паўночная частка, а таксама прылеглыя вёскі Маркі і Юзафова. Ветрам было пашкоджана 180 жылых дамоў, разбураныя тры фермы. У выніку стыхіі па медыцынскую дапамогу звярнуліся 14 чалавек, трое з якіх былі шпіталізаваныя, двое з іх да гэтай пары знаходзяцца ў бальніцы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара