Наталлю Папкову ля Ленінскага РАУС Берасця абралі абласным кіраўніком БСДП (НГ)



Пасля 5-ці сутак арышту на свабоду выйшла берасцейская грамадская актывістка Наталля Папкова. Яе чарговы раз пакаралі за “парушэнні правілаў правядзення і арганізацыі масавага мерапрыемства”  – за марш “недармаедаў”, які адбыўся 19 лютага. Падрабязней кажа сама Наталля:

– Выпускалі зноў праз чорны выхад, праз гаражы, але заявілі на выхадзе, што ім, міліцыянтам, паступіў загад, каб мяне даставілі прама дахаты. Мяне давезлі да майго аўтобуснага прыпынку і там высадзілі. Потым мне патэлефанавалі і сказалі, што тут народ чакае, – і я вярнулася.

Нягледзячы на тое, што дзяўчыну выпусцілі раней, тыя, хто сабраўся ля Ленінскага РАУС Берасця, дачакаліся прыезду Наталлі назад да пастарунку. Сярод сабраўшыхся быў і палітык Мікола Статкевіч:

– Я мэтанакіравана прыехаў з калегамі, сацыял-дэмакратамі з Баранавіч, Маларыты, прыехалі сустракаць нашага сябра Наталлю. Мы хочам яе падтрымаць. Таму што мы бачым, што яе мэтанакіравана спрабуюць зламіць, ператаварыць у такога дэмакратычнага кіраўніка, якімі тут сталі ў Беларусі большасць, – каб хадзіў па нітачцы і каб без даволу нікуды не рыпаўся.

Сябры ўручылі ёй кветкі, а затым зладзілі імправізаваны сход мясцовай філіі аргамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), дзе Наталлю абралі абласным кіраўніком.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.

Фота аўтара