Наўскі чацвер



Наўскі чацвер прайшоў у некаторых вёсках Бярозаўскага раёна, якія мяжуюцца з суседнім Драгічынскім раёнам. Гэта тычыцца вёсак Боркі, Пешкі, Ястрабель, Лясковічы, Міжлессе, Батарэя і іншых. У Наўскі чацвер з’язджаюцца вяскоўцы з розных куткоў Беларусі, каб наведаць магілы продкаў, паўдзельнічаць у паніхідзе, а затым у доме кагосьці з родных за накрытым сталом памянуць сваіх продкаў і падзяліцца жыццёвымі важнымі праблемамі. Традыцыя адзначаць Наўскі чацвер цягнецца з даўніх часоў, – кажа жыхарка вёскі Лясковічы Алена Пракапчук:

– Надыходзіць Пасха, мы ідзем на могілкі. Перад Пасхай мы заўсёды прыбіраем могілкі, каб былі чыстыя на святы, гэта светлае свята прыходзіць. Трэба каб у дамах было светла і чыста і каб на могілках было чыста. А пасля Пасхі ў нас такі дзень – Наўскі. Адбываецца служба на могілках, служыцца паніхіда. Мы збіраемся, памінаем усіх продкаў.

Алена Пракапчук адзначыла, што сёлета на Наўскі не так шмат прыехала аднавяскоўцаў. Працоўны дзень. Змаглі быць збольшага людзі старэйшага пакалення.

Астатнія прыедуць на Радуніцу, калі будуць мець адразу 4 выходных. Пакуль жывое старэйшае пакаленне ў гэтых вёсках, тут Радуніца не прыжывецца. Але з часам наведванне могілак у Наўскі чацвер можа знікнуць.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя