Навошта было рабіць са здарэння таямніцу?



Астравецкі актывіст Іван Крук распавёў пра тое, як мясцовыя жыхары ўспрынялі інцыдэнт на будоўлі Астравецкай АЭС.

Нагадаем, у ноч з 9 на 10 ліпеня на Астравецкай АЭС пры правядзенні падрыхтоўчых работ корпус рэактара абрынуўся з вышыні 2—4 метраў. Праз два тыдні Міністэрства энергетыкі заявіла аб няштатнай сітуацыі «на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных прац па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці».

Іван Крук: Цяпер многія людзі (нават тыя, хто працуе на аб’екце) неверагодна ўражаны тым, што адбылося. Улады стараюцца прыпаднесці здарэнне, як дробязны факт. Маўляў, «бочка» звалілася. Але вага гэтай «бочкі» — корпуса рэактара — больш за 300 тон. І гэта не нейкі там ліхтарык, які сёння ўпаў з шафы, а заўтра пра яго можна забыцца,нават калі ён і зламаўся. Размова ідзе пра будоўлю атамнай электрастанцыі! Ці народ ужо забыўся пра жахлівую Чарнобыльскую трагедыю, якая здарылася ўсяго 30 гадоў таму? Таму не дзіўна, што многія наогул запатрабавалі прыпыніць альбо наогул спыніць будаўніцтва АЭС.

РР: Як мясцовыя жыхары паставіліся да інцыдэнта?

Іван Крук: Некаторыя — спакойна, быццам і насамрэч нічога не здарылася. Нехта заклапочаны такім «прафесійным» будаўніцтвам. Ну як можна працаваць «цяп-ляп» на такім стратэгічна адказным аб’екце краіны? Калі размова ідзе пра бяспеку ўсёй краіны, дык дробязей і такіх інцыдэнтаў у прынцыпе быць не павінна.

РР: Пра здарэнне афіцыйныя асобы прызналіся не адразу…

Іван Крук: І гэта таксама дрэнна, бо ў такіх пытаннях павінна быць поўная галоснасць. Але, відаць, вырашылі схаваць усё, каб ніхто нават не даведаўся. Але ж шыла ў мяшку не схаваеш, людзі распавядалі адзін аднаму пра сітуацыю, а ўсім рот не закрыеш. Дык навошта тады рабіць са здарэння таямніцу? Гэта яшчэ больш дадало напружанасці і недаверу да гэтай улады.

Кастусь  Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя