Навошта для продажу свініны патрэбен дазвол раённай ветстанцыі?



Жыхарам Бярозаўскага раёна цяпер нельга будзе даць у раённай газеце “Маяк” прыватную абвестку пра продаж свініны або вырабы са свініны без дазволу Бярозаўскай раённай ветэрынарнай станцыі.

IMG_9707

Такое рашэнне прыняў прэзідыум  Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў. Гэтае новаўвядзенне парушае правы грамадзян, кажа былы ўладальнік прыватнай гаспадаркі Аляксандр Аліхвер.

– Дадзеныя абмежаванні могуць быць прымененыя толькі пры ўмове, што ў нас у раёне існуе буферная зона пры ўзнікненні АЧС. Эпізадычная абстаноўка ў нас нармальная, чумы свіней у нас няма. Калі я выконваю ветэрынарныя правілы ўтрымання жывёл, то я маю права дзе заўгодна прадаваць свініну.

Галоўны спецыяліст Бярозаўскага раённага савета дэпутатаў паясніла прычыну такога рашэння, чым німала здзівіла зацікаўленых людзей:

– Гэта абумоўлена мерамі прафілактыкі і недапушчэння АЧС у прыватных падвор’ях грамадзян.

РР: Але ж у нас у Бярозаўскім раёне няма афрыканскай чумы.

Галоўны спецыяліст: А хто вам гэта сказаў? Такія выпадкі былі зарэгістраваныя і іх даволі шмат.

Паводле актывіста кампаніі “Гавары праўду” Валянціна Лазарэнкава, па-першае, здзіўляе, чаму  пытанне, якім займалася раённая выканаўчая ўлада   на гэты раз перакладзена на раённы савет дэпутатаў. Па-другое, калі зарэгістраваны выпадкі афрыканскай чумы ў раёне, то чаму пра гэта не кажуць людзям. А ўвесь час ілгуць, што афрыканскай чумы ні ў раёне, ні ў вобласці не зафіксавана.

Беларускае Радыё Рацыя