Навошта ў Дзятлаве палац Радзівілаў, калі патрэбен новы будынак для вертыкальшчыкаў



15 ліпеня ў Гародні адбудзецца аўкцыён на якім будзе прадавацца палац Радзівілаў у Дзятлаве. Палац плануюць прадаць за 1,8 мільярды рублёў. Але ў Дзятлаўскім райвыканкаме, а таксама дзятлаўчане, не вельмі ўпэўнены, што на палац Радзівілаў знойдуцца пакупнікі. Калі на першым аўкцыёне будынак не купяць, то яго кошт будзе зменшаны.

Грамадскі актывіст з Дзятлава Валерый Петрыкевіч на гэты конт сказаў наступнае: “Сёлета восенню ў Дзятлаве адбудуцца абласныя Дажынкі. Вось да гэтага мерапрыемства за пэўную суму фінансаў можна было б нешта зрабіць і з палацам Радзівілаў, хаця б адрамантаваць яго фасад, тым больш, што на Дажынкі выдаткавана некалькі дзесяткаў мільярдаў рублёў. Але мясцовыя вертыкальшчыкі вырашылі да Дажынкаў прыбудаваць будынак райвыканкама, навошта ім нейкі палац. Хаця ў самым цэнтры Дзятлава апусцеў прыгожы будынак школы-інтэрната са шматлікімі прыбудовамі, райвыканкаму можна было проста пераехаць у гэта памяшканне. Ды не – ім трэба новы будынак, хаця хапіла б і старога, які ёсць”.

І яшчэ. Некалькі разоў выстаўлялася на аўкцыён і былая сядзіба Дамейкаў, якая знаходзіцца на хутары Жыбуртоўшчына на Дзятлаўшчыне. Яе ніхто не купіў. Выставяць яшчэ пару разоў, калі ніхто не купіць, як сказалі нашаму карэспандэнту жыхары Дзятлава, пусцяць пад бульдозер.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава.