Назіральніца Надзея Палуян падзялілася ўражаннямі



Гарадзенская незалежная назіральніца Надзея Палуян падзяділася сваімі ўражаннямі ад выбарчай кампаніі і працы ўчастковай камісіі:

„У школе настаўнікі вучаць дзяцей праўдзівасці. Змагаюцца з фальшывасцю, прытворствам, падманам, і іншымі негатыўнымі праявамі чалавечай натуры. Каго можа выхаваць настаўнік, які з такой лёгкасцю сам ідзе на падман?

Прычым робіць гэта на людзях, на вачах назіральнікаў, ведаючы што яго бачаць і ведаюць што ён робіць. Такая адсутнасць элементарнага сораму увогуле не ўласціва для чалавека. А тут настаўнікі. Як яны назаўтра адзін другому ў вочы паглядзяць? Як яны прыйдуць на працу і будуць вітацца адзін з другім? Як яны глянуць у вочы дзецям, галасы бацькоў якіх яны нават не палічылі? Як яны будуць выклікаць гэтых бацькоў у школу і даваць ім рэкамендацыі па выхаванню дзяцей?

Я была назіральніцай на гэтых выбарах. Участак размяшчаўся ў польскай школе, і зразумела, што сярод сяброў камісіі было багата настаўнікаў. І было вельмі цікава назіраць за людзьмі, якім грамадства давярае сваіх дзяцей. І было крыўдна і сорамна за іх, калі яны ўсталі перад высыпанымі бюлетэнямі так, каб больш ніхто не мог бачыць, што ў тых бюлетэнях. Як яны пісалі на паперцы нейкія лічбы якія хуценька сціралі. Як пагаджаліся над тым гвалтам, які чыніўся ў першую чаргу над імі.

– Я нічога не бачу, – сказала я.

– Усё ўбачыце ў пратаколе, – адказалі яны.

У іх было ўсё адладжана. Кожны там ведаў сваю ролю і граў яе не горш прафесййнага актора. Іх бы ў Галівуд, то амерыканскім акторам прыйшлося б шукаць працу. Але яны зрабілі Галівуд з нашых выбараў.

Мне, як назіральніцы, не дазволілі нічога. Ні пабачыць бюлетэняў, ні адсацыць іх падлік, ні выехаць на выязное галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка. Мне сказалі, што ў машыне няма мейсца. І паехалі на паўпустым бусе. Мяне падмануле настаўнікі. Падманулі гледзячы прама ў вочы. Падманулі тыя, хто павінен нашых дзяцей вучыць не падманваць.

На папярэднім галасаванні яны налічылі не такую колькасць прагаласаваўшых чым я. Яны глядзелі на мяне як на ворага, хоць гэта не я фальшывіла. Хоць я не зрабіла нічога кепскага. Я проста добра выконвала сваю працу.

А назаўтра яны пойдуць у краму, ці паліклініку, ці яшчэ куды, і будуць наракаць на тое, што ў нас кепска. Яны будуць рабіць усё, каб іх дзеці змаглі выехаць з гэтай краіны туды, дзе лепш. Туды, дзе выбары не фальшывяць…

Цікава, ці хваляцца яны сваім учынкам перад сваёй сям’ёй. Ці ганарацца гэтым перад бацькам, маці, мужам, жонкай, дзецьмі…

Цікава, ці бачаць яны сувязь паміж тым, што яны зрабілі і тым, як ім жывецца? А калі бачаць, то якую?”.

Беларускае Радыё Рацыя