Не спяшайцеся карыстацца Google Translate, альбо адкуль у Берасці вуліца Зладзейскага?



Дыялог, які выклікаў смех залы, адбыўся на адной з берасцейскіх сустрэч інтэлігенцыі паміж урбаністкай Ірынай Лаўроўскай і філолагам Вінцуком Вячоркам.

2016-10-22_liaskievic_vulica_zladziejskaha

Так, падчас дыскусіі пра назвы вуліц гораду, Лаўроўская заўважыла, што калі паглядзець на беларускамоўную версію сайта “Берасцейскай гарадской паліклінікі №1”, то месціцца гэтая ўстанова па вуліцы Зладзейскага, 4:

– Адрэса, якая перакладзена для паліклінікі №1 па-беларуску запісана як вуліца Зладзейскага.

Вінцук Вячорка:

– Я скажу, што ў гэтым ёсць сярмяжная праўда. Іх трэба пахваліць за тое, то яны зрабілі беларускую версію сайта і пахваліць за вобразнасць, якая цяпер дазваляе жыхарам гэтай вуліцы тэрмінова дамагацца яе парайменавання. Таму што гэта адзін з той бальшавіцкай каманды.

І сапраўды, калі пераключыць моўныя версіі з расейскай на беларускую, то Вароўскага пераўтвараецца ў Зладзейскага.

2016-10-22_liaskievic_vulica_zladziejskaha_2

З кнігі “Берасце. Энцыклапедычны даведнік” 1987 года выдання можна даведацца, што вуліца пачала забудоўвацца ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. У часы Другой Рэчы Паспалітай яна была названая ў гонар капітана пяхоты Легіёнаў Польскіх Станіслава Слаў-Звяржынскага (Stanisław Sław-Zwierzyński). У часы нямецкай акупацыі – называлася Вілленштрасэ (Willen-Straße). Цяперашні варыянт вуліца мае ў “памяць” рэвалюцыянера Вацлава Вароўскага з сям’і абрусеўшых палякаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце