Не стала грамадскага лідара Віктара Сырыцы (абноўлена)



Перастала біцца сэрца аднаго з найвыбітнейшых беларусаў Віктара Сырыцы з Баранавічаў. Раптоўная смерць застала старшыню баранавіцкай суполкі Таварыства беларускай мовы, кіраўніка баранавіцкага аддзялення “Руху за свабоду” Віктара Сырыцу ў дарозе.

Ён чакаў цягніка на Менск, дзе павінен быў адбыцца сход сябраў руху “За свабоду”, як кажа грамадскі актывіст з Баранавічаў Мікола Чарнавус, які быў побач у апошні момант жыцця Сырыцы:

– Мы ўзялі білеты на цягнік “Берасце-Масква” на 9.03. І за 20 хвілін да цягніка ён паваліўся. Выклікалі “хуткую”. Спрабавалі запусціць сэрца, бо яно стала. Я адразу, як прыехала “хуткая”, сказаў, што ён хварэе на цукровы дыябет. 30 хвілін яны яго ратавалі, калолі інсулін, але нічога не дапамагло…

9 лістапада ў Баранавічах раптоўна памёр Віктар Сырыца. На мясцовым чыгуначным вакзале яму стала дрэнна. Лекары хуткай дапамогі праводзілі рэанімацыйныя дзеянні, але выратаваць яго не змаглі.

Віктару Сырыцу было толькі 62 гады.

Гэта быў інтэлігент з вялікай літары, верны сябра,  патрыёт зямлі беларускай, які ўклаў шмат сілаў для яе гістарычнага адраджэння. Цудоўны муж і бацька. У Віктара Сырыцы засталіся жонка, дзве дачкі і трое ўнукаў. Гэта незаменная страта як для сям’і, так і для ўсяго беларускага грамадства.

 

Беларускае Радыё Рацыя