Нечыстоты заліваюць вёску Крывічы



Сябры ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 Івана Шэгі ў аўторак, 30 жніўня, праводзілі агітацыйны пікет у вёсцы Крывічы Зэльвенскага раёна. Вяскоўцы, калі ўбачылі пікетоўцаў, адразу сталі падыходзіць да іх і распавядаць пра ўсе свае праблемы.

З усіх праблем Крывічаў, якія на вялікі жаль, не вырашае ні мясцовы сельсавет, ні кіраўнік гаспадаркі, ні райвыканкам, ні экалагічныя службы, ні санэпідэмстанцыя, ніхто, — была адна праблема, якая сяброў ініцыятыўнай групы проста шакіравала. А справа вось у чым. У Крывічах ёсць два двухпавярховыя дамы, дзе ў асноўным жыве калгаснае начальства. Па словах вяскоўцаў, гэтыя мясцовыя начальнічкі некалі пракапалі канаву і паставілі вялікую бочку для зліцця нечыстотаў са сваіх двух дамоў. Раней гаспадары кватэр гэтых дамоў плацілі грошы і з бочкі нечыстоты адвозілі. Цяпер яны адмовіліся плаціць, бо дорага. І ўсе нечыстоты з дамоў даўно запоўнілі бочку ды цякуць далей да вясковых хат, у агароды, на панадворкі і г.д.

Людзі звярталіся па дапамогу, але на просьбу вяскоўцаў ніхто не рэагуе. «Прыязджалі, — кажуць вяскоўцы, —  з раённай санэпідэмстанцыі. І зрабілі вінаватымі нас. І нас аштрафавалі. І мы цяпер баімся куды пісаць».

Цяпер людзі звярнуліся да сяброў ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты. Звярнуліся са слязьмі на вачах і просяць дапамагчы, бо жыць немагчыма – нечыстоты заліваюць Крывічы.

Валянціна Рагозік, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара