Недармаеды Бабруйска: Разам – мы сіла!



Абураныя бабруйчане выйшлі на акцыю супраць дэкрэта аб „дармаедах” і агульнага эканамічнага заняпаду ў краіне. Людзі абураны дзеяннямі ўлады, пагаршэннем роўня жыцця, немагчымасцю ўладкавацца на працу.

“Лукашэнка, сыходзь!”, “НЕ – Дэкрэту №3” і „Свабоды!” – такія лозунгі гучалі з вуснаў абураных беларусаў у Бабруйску.

– Нашыя дзеці хочуць жыць! Скажыце, людзі, як дапамагчы?! Як дапамагчы нашаму народу? Прэзідэнт павінны прыслухацца да нас, да людзей! Мы ж хочам жыць. Як можна так?!

– Нават у 90-ыя было значна прасцей, чым зараз.

– Страху ўжо няма, бо людзей абабралі да ніткі. Застаецца толькі садраць з сябе скуру і кінуць на алтар дабрабыту нашага кіраўніка. Гэтага нельга рабіць. Народ павінны нармальна жыць, нармальна зарабляць і мець капейку за душой!

Упершыню бабруйскія ўлады зрабілі умоўны крок да народа, які на мінулым мітынгу заклікаў чыноўнікаў выйсці і размаўляць з людзьмі. З адмылова падрыхтаванай калонкі прагучаў аўдыёзаклік, быццам мясцовыя ўлады гатовыя да дыялогу, грамадзяне могуць звяртацца па кансультацыю па Дэкрэце №3, а таксама пісаць звароты. Мітынгоўцы крытычна ўспрынялі гэтую прамову ўладаў і працягнулі абмяркоўваць набалелыя пытанні.

Кажа былы палітвязень Яўген Глаголеў-Васьковіч:

– Вельмі непрыемна, калі дзяржава парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Калі яны ўжо не абапіраюцца на міжнароднае заканадаўства, няхай выконваюць прынамсі сваё. Яны і зараз праз гэтае аўдыёпаведамленне дыктуюць, каб да іх прыходзілі ў нейкія грамадскія прыёмныя, дзе яны будуць натоўпам накідвацца на кожнага паасобку і абмяркоўваць тое, што ім карысна.

Акцыя ў Бабруйску і іншых гарадах краіны фактычна не мае арганізатараў, інфармацыя пра мітынг распаўсюджвалася праз сацыяльныя сеткі. Па розных падліках ад 400 да 700 чалавек прыйшло на акцыю ў Бабруйску.

Напярэдадні акцыі ў Бабруйску былі затрыманыя чацвёра мясцовых актывістаў. А раніцай 12 сакавіка стала вядома, што непасрэдна перад пачаткам мітынгу затрымана Галіна Смірнова, старшыня мясцовай філіі прафсаюзу РЭП.

Аднак падчас самой мірнай акцыі супрацоўнікаў міліцыі не было відаць, прысутнічалі толькі людзі ў цывільным. Затрыманняў падчас акцыі не было.

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя, Бабруйск

Фота аўтаркі