«Недармаеды» ў Магілёве: чатыры ізаляваныя палітыкі і брутальныя затрыманні



«Марш недармаедаў», які 15-га сакавіка адбыўся ў Магілёве, адзначыўся чарговымі рэпрэсіямі ўладаў. Перад акцыяй мясцовыя палітыкі Алег Аксёнаў з БХД і Ўладзімір Шанцаў з АГП атрымалі па 15 сутак арышту, у РАУС даставілі каардынатара “Руху за свабоду” Аляксандра Сілкова, а прадстаўніка Сацыял-дэмакратычнай партыі Ігара Барысава заблакавалі ў яго пад’ездзе. Замкі на мясцовым офісе БНФ залілі клеем. Акрамя таго, у многіх магілёўскіх універсітэтах менавіта на 15 сакавіка паставілі дадатковыя заняткі. Адзін са студэнтаў, якія прыйшлі на акцыю, лічыць дзеянні ўлады незаконнымі.

— Гэта незаконна, але я не здзіўлены.

РР: А ў вашым універсітэце ўжо былі прэвентыўныя меры, ці толькі сёння з’явіліся.

—  Я проста ўпершыню на такой акцыі, я даволі малады, таму да гэтага я не ведаў такога. Расказвалі, што было і раней. У студэнтаў абсалютна жудасны настрой, бо ніхто ні ў што не верыць, ніхто нікуды не хоча ісці, усе прыгнечаныя.  

Сама акцыя прайшла дастаткова спакойна, яна не сабрала і 1 000 чалавек, затое адбылася з кароткім удзелам прадстаўніка ўлады. На хвіліну слова ўзяў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які прызнаў памылкі пры выкананні Дэкрэта № 3, але заявіў, што лічыць падатак правільным. Скончылася акцыя шэсцем да плошчы зорак. А вось пасля таго, як людзі сталі разыходзіцца, пачаліся затрыманні. Усяго былі затрыманыя як мінімум 6 чалавек, прычым хапалі людзей зноў невядомыя без апазнавальных знакаў.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёў

Фота аўтара