Выйшлі на волю анархісты Андрэй Дзенюшкін і Руслан Халікаў (абноўлена)



Берасцейскі анархіст, адзін з удзельнікаў маршу супраць дэкрэту “аб дармаедстве” ў Берасці Андрэй Дзенюшкін выйшаў на свабоду. Пра гэта, пасля непрацяглых пошукаў хлопца, паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Тры ўдзельнікі “Маршу недармаедаў”, якія былі асуджаныя ў Берасці, адбывалі пакаранне ў Кобрыні з-за адсутнасці месцаў у Паўночным гарадку. Сёння яны якраз мусілі выйсці на волю. Першым мусіў выйсці Андрэй. Яго чакалі родныя і сябры ля ізалятара часовага ўтрымання. Прачакалі гадзіну, лопца няма, маці плача. Дзяжурны сказаў, што яго выпусцілі раней. Мы напісалі скаргу і пачалі пошукі.

Як высветлілася, пасля таго як Андрэй Дзенюшкін быў вызвалены, яму ўдалося дабрацца да бабулі і ўжо пасля паведаміць бацькам пра тое, што ён на волі. Супрацоўнікі ІЧУ Кобрыня папросту выпусцілі хлопца недзе на паўгадзіны раней, да прыбыцця сваякоў. Як высветлілася, другога з анархістаў – Руслана Халікава – таксама вызвалілі раней, але сваякі знайшлі яго на гарадскім вакзале. Пасля 22-й гадзіны на волю мусіць выйсці Дзмітрый Ляўчук, апошні з затрыманых берасцейскіх анархістаў.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

* * * 

Знік 20-гадовы берасцеец Андрэй Дзенюшкін, які адбываў 5 сутак арышту ў Кобрыньскім ізалятары часовага ўтрымання. Яго павінны былі выпусціць каля 16 гадзін. Па яго прыехалі бацькі за гадзіну да вызвалення.

Спачатку ім казалі, калі выпусцяць, а калі ён не з’явіўся ў патрэбны час, сказалі, што выпусцілі іншым ходам, і дзе ён, не ведаюць, кажа мама Андрэя Дзенюшкіна:

– Мы прастаялі гадзіну пад дзвярыма. Нам сказалі, што яго адпусцяць роўна ў 15.55.  Але ён не з’явіўся. Нам адказалі, што роўна ў пазначаны час яго выпусцілі праз іншы выхад, і ён пайшоў дадому. Мы напісалі ў міліцыю заяву аб знікненні чалавека.

Мама Андрэя Дзенюшкіна лічыць, што супраць яе сына ўчынена чарговая правакацыя. Шукалі яго і ў судзе Кобрынскага раёна. Жанчына вымушана была вяртацца дадому без сына.

Нагадаем, што берасцеец Андрэй Дзенюшкін разам з сябрамі  Русланам Халікавым і Дзмітрыем Ляўчуком былі паўторна асуджаны на 5 сутак нібы за брыдкаслоўе, калі выходзілі з папярэдняй адсідкі за акцыю 26 лютага. Арышт адбывалі ў ІЧУ Кобрыньскага РАУС. Халікава і Ляўчука павінны выпусціць вечарам.

Беларускае Радыё Рацыя