Невядомая Гародня



Гісторыкі паказалі разнастайнасць жыцця старажытнай Гародні. Прастытуткі  і крамы, крадзяжы ды крымінальнікі – гэта толькі невялічкі зрэз той Гародні,  пра якую напісана ў выданні пад назвай “Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы горада”. Аўтары прадставілі свой зборнік у невялічкім памяшканні арт-галерэі “Крыга”. Пра разнастайнасць артыкулаў, прадстаўленых у кнізе, распавядае яго рэдактар Алесь Смалянчук:

– Гэта ўжо сёмы том нашых даследаванняў, якія мы спрабуем увесь час папулярызаваць. Гісторыя, якую мы прапануем, – гэта сацыяльная гісторыя Гародні. У цэнтры ўвагі – чалавек. Але для гарадзенцаў асабліва цікавымі будуць гісторыі крымінальнага свету Гародні, XVI-XIX стст.

Арганізатар сустрэчы Эдвард Дмухоўскі:

– Галоўная мэта гэтай працы – зрабіць так, каб гэта было цікава звычайнаму гараджаніну. Даследаванні па гісторыі прастытуцыі, п’янства, бандытызму і хуліганства ў нашым горадзе – гэта вельмі блізкія і цікавыя тэмы для ўсіх.

Алесь Краўцэвіч:

– Зроблена густоўнае выданне. Там якраз тыя выступоўцы, якія прадставілі свае даклады. Не ўсе прадставілі. І гэта для нас сігнал: мы паўстрымаемся ад запрашэння на наступную канферэнцыю тых людзей, якія абяцалі тэксты, прыехалі, выступілі, а тэксты не даслалі.

Паводле гісторыкаў, канферэнцыі на тэму “Гарадзенскага соцыуму” збіраюць пад сваім дахам адмыслоўцаў па гісторыі з Беларусі і Польшчы, Літвы ды Украіны. Наступная сустрэча ў Гародні адбудзецца 7 лістапада.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня