Невыязныя беларусы не змогуць трапіць у іншыя краіны праз Расею



Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб ратыфікацыі беларуска-расейскага пагаднення аб абмене звесткамі аб невыязных грамадзянах дзвюх краін.

Дакумент апублікаваны сёння на расейскім афіцыйным партале прававой інфармацыі, паведамляе БелТА.

Сёння ў Беларусі ў спісе невыязных знаходзяцца крыху больш за 80 тысяч чалавек. Да падпісання пагаднення грамадзяне Беларусі маглі трапіць у трэція краіны з Расеі, гэтым карысталіся і расейцы. Са словаў беларускіх праваахоўнікаў, пытанне даўно стаяла на парадку дня.

Цяперашнім пагадненнем устанаўліваецца, што абмен звесткамі будзе весціся ў мэтах недапушчэння выезду ў трэція дзяржавы грамадзян Беларусі ды Расеі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд, і прадухілення пагрозы нацыянальнай і грамадскай бяспекі. Падставай для адмовы ў выездзе ў трэція краіны грамадзянам Беларусі ды Расеі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд, з’яўляецца наяўнасць адпаведных звестак у аўтаматызаваных сістэмах дзвюх дзяржаў.

«Перадача звестак у Расею будзе адбывацца адзін раз на дзень праз электронныя каналы», – распавёў Onliner.by  начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Канстанцін Шалькевіч. – «Паводле такой жа схемы інфармацыя перадаецца памежнікамі».

Фота onliner.by