Нікому не патрэбная шыльда Героя Савецкага Саюза



Некалькі гадоў таму закрылі Сасноўскую сярэднюю школу Слоніскага раёна. Памяшканне школы цяпер на замку.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Школа вялікая, нават на другім паверсе пастаўлены шклопакеты, але вучыцца ў ёй няма каму. Некалі гэты будынак дапамагаў будаваць Герой Савецкага Саюза Барыс Пішчыкевіч, які быў родам з Сасноўкі. На школе заўсёды вісела мемарыяльная шыльда, якая паведамляла, што Сасноўская сярэдняя школа носіць імя Героя Савецкага Саюза Пішчыкевіча Барыса Тарасавіча, а таксама тэкст загаду Савета Міністраў БССР ад 15 красавіка 1975 года аб наданні школе імя знакамітага земляка.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Нядаўна наш карэспандэнт наведаў Сасноўку і запытаўся ў вяскоўцаў: “А дзе цяпер мемарыяльная шыльда Героя Савецкага Саюза?”. “У школе ляжыць, — адказалі мясцовыя жанчыны. — Знялі яе і спісалі. Хочаце — забірайце сабе”.

 

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Жанчына адчыніла дзверы школы, мы ўзялі цяжкую шыльду, вынеслі яе на вуліцу і сфатаграфавалі. Эх, бачыў бы што робіцца з яго роднай Сасноўкай паважаны Герой Савецкага Саюза! Ды і мемарыяльная шыльда нікому цяпер не патрэбна.

У школе некалі быў музей, спартыўная і актавая залы, камп’ютэрны клас, сталовая на 40 месцаў, камбініраваная майстэрня. Для вучняў, якія жылі ў аддаленых вёсках, працаваў прышкольны інтэрнат. Цяпер нічога няма. І гэта здарылася за апошнія 10-15 гадоў. Так паціху выміраюць  нашы беларускія вёскі, як слонімская Сасноўка. Нават сваіх герояў не памятаюць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара