Новыя прыгоды кантрабандыстаў



Кантрабанда беларускімі цыгарэтамі па-ранейшаму застаецца самым папулярным бізнесам ва ўкраінска-беларуска-польскім сумежжы. Праўда, іншым разам кантрабанда перапраўляецца з вялікімі прыгодамі.

2016-02-20_achromienka_kantrabanda_belaruskija_cyharety_valyn

Пра надзвычайную гісторыю з жыцця кантрабаныстаў раскажа наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Падзеі, што разгарнуліся ва ўкраінска-польскім сумежжы Валыні, нагадваюць сюжэт баявіка. Падчас вечаровага патрулявання ў лесе ўкраінскія памежнікі заўважылі аўтамабіль УАЗ без нумароў, які рухаўся ў бок польскай мяжы. Кіроўца УАЗа праігранаваў патрабаванне памежнікаў спыніцца, і прыспешыў хуткасць. Распачалася сапраўдная пагоня. Але ж неўзабаве кіроўца УАЗа не зладзіў з кіраваннем і заехаў у гушчар, адкуль не мог выбрацца.

Каб пазбавіцца рэчавых доказаў, кантрабандысты падпалілі сваю машыну, а самі ўцяклі. У напаўзгарэлым УАЗе  памежнікі знайшлі 20 скрыняў цыгарэт “Мінск” беларускай вытворчасці, але без акцызаў.

Пра гэтае надзвычайнае здарэнне расказалі ў прэсавай службе ўкраінскіх памежнікаў.

Падлічана, што грошы, укладзеныя ў кантрабанду беларускага тытуню, ужо праз два тыдні абарочваецца ў пяць разоў. Кантрабандзе таксама спрыяе скарумпаванасць украінскіх уладаў у памежных раёнах.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Дзяржаўная памежная служба Украіны