Няма рамонту – няма выбараў!



„Няма рамонту – няма выбараў!” – такі надпіс з’явіўся на асфальце прыдваровай тэрыторыі шматкватэрнага дому №34 па вуліцы Дворнікава ў Гомелі.

nadpis-1608

Аўтары надпісу гатовыя байкатаваць парламенцкія выбары па прычыне павольнага і няякаснага рамонту, які цягнецца з канца лютага гэтага году:

– Уцяпляць наш дом, як абяцалі, яны не збіраюцца. У нас зімой вельмі холадна – 17-18 градусаў у кватэрах.

– Калі быў сход, сказалі, што ўсё будуць рабіць у растэрміноўку. Калі дайшло да справы, сказалі – купляйце адразу. На першым паверсе жанчына ўжо тры месяцы сядзіць без газу, бо ў яе не было грошай купіць лічыльнік.

Аднак не ўсе жыхары дома падзяляюць заклік невядомых аўтараў надпісу адносна байкоту выбараў.

– Навошта палітыку прымешваць да рамонту? Прычым тут выбары? Яны што, хочуць кагосьці шантажаваць, калі ў рэспубліцы крызіс, і не хапае грошай. Рамонт каштуе 10 млн. рублёў, а выдзелілі толькі 4 млн. Які можа быць рамонт?

Цягам сутак камунальныя службы аператыўна зафарбавалі надпіс аб байкоце выбараў. Але незадаволенасць грамадзянаў няякасным рамонтам засталася.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gomel.today