У офісе Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сіл шукалі фальшывыя грошы



Вобыск у офісе кааліцыі дэмакратычных сілаў у Оршы адбыўся „нібыта па заяве аб друкаванні фальшывых грошай”, паведаміў кіраўнік аршанскага аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Яўген Анішчанка.

Супрацоўнікі сілавых структур прыехалі ў офіс прыкладна ў 18.30. У той момант у памяшканні знаходзілася каля 20 прадстаўнікоў дэмакратычных партый. „Спачатку патрабавалі паказаць дакументы, нібыта тут друкуюцца фальшывыя грошы. Пачаўся вобыск, занеслі скрынкі, хутчэй за ўсё, будуць выносіць офіснае абсталяванне”, — сказаў Анішчанка.

Паводле слоў актывіста, офіс дэмсіл знаходзіцца ў прыватным доме, дзе збіраюцца дэмакратычныя сілы.

Анішчанка паведаміў, што цяпер вобыск праводзяць восем супрацоўнікаў міліцыі.

„Думаем, што гэта звязана з акцыяй 12 сакавіка супраць дэкрэта № 3, бо пачалі распаўсюджвацца ўлёткі па горадзе. Гэта — удар на апярэджанне”, — лічыць суразмоўца.

***

Пра гэта паведаміў кіраўнік моладзевай суполкі «Зьвяз» Ігар Казьмярчак:

«Прадстаўнікі розных грамадзкіх структур сабраліся ў офісе па вуліцы Чырвонаармэйскай, 13, каб абмеркаваць бягучыя справы. Усяго нас каля 15-ці чалавек. Дзьверы мы звычайна не зачыняем на замок, бо ня робім нічога незаконнага. Хвілін 20 таму да нас пагрукалі і зайшлі міліцыянты. Заявілі, што да іх «паступіў сыгнал», нібыта ў нас займаюцца вырабам фальшывых грошай.

Неўзабаве пад’ехалі людзі ў цывільным, са Сьледчага камітэту. На дадзены момант пайшлі па вуліцы — а гэта прыватны сэктар — каб шукаць панятых. Хаця пастановы на ператрус нам ніхто не прад’явіў».

Паводле Ігара Казьмерчака, службоўцы спачатку патлумачылі, што хочуць толькі апытаць усіх прысутных. Аднак яшчэ праз колькі хвілінаў прывезьлі пастанову на ператрус, які мае неўзабаве пачацца.

Спадар Казьмярчак зьвязвае нечаканы візыт з тым, што 12-га сакавіка ў Воршы плянуецца «Марш недармаедаў». Зьвесткі пра гэта ўжо распаўсюджаны па сацыяльных сетках, а таксама разьмешчаны на мясцовым незалежным сайце orsha.eu.