Па канале Агінскага паплылі вянкі ў гонар загінулых



22 чэрвеня, у Слоніме на канале Агінскага, каля пешаходнага моста, адбылося ўшанаванне тых, хто загінуў на Слонімшчыне ў першыя дні вайны 1941 года.

Ушанаваць памяць тых, хто загінуў, прыйшлі вайскоўцы, моладзь, ветэраны Другой сусветнай вайны, святары, кіраўніцтва Слонімскага райвыканкама.

Ушанаванне распачаў каля канала Агінскага журналіст і даследчык Другой сусветнай вайны на Слонімшчыне Васіль Афанасік. Выступоўца спыніўся на ахвярах вайны, у прыватнасці, ён адзначыў, што за час вайны на Слонімшчыне была знішчана 31 вёска. Паміж Зальвянкай і Шчарай у слонімскай зямлі пакоіцца ад 40 да 60 тысяч салдат Чырвонай Арміі.

Пасля афіцыйнай часткі, слонімскі праваслаўны святар Уладзімір Бобчык асвяціў вянкі, якія апусцілі на ваду канала Агінскага.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара