Па справе аб тэракце ў Пецярбургу затрыманыя 8 чалавек



Па справе аб тэракце ў пецярбургскім метро затрыманыя восем чалавек, паведамляе Следчы камітэт Расеі. Шасцёра з іх затрыманыя ў Пецярбургу, два — у Маскве.

Сцвярджаецца, што пры ператрусе ў іх кватэрах знайшлі такое ж выбуховае прыстасаванне, як і бомба, якая не выбухнула і была знойдзеная 3 красавіка на станцыі «Плошча Паўстання» у Пецярбургу. Ведамства не ўдакладняе, як менавіта затрыманыя датычныя да тэракту.

У чацвер у жылым доме ў Пецярбургу было знойдзена і абясшкоджанае выбуховае прыстасаванне; затрыманыя трое выхадцаў з Сярэдняй Азіі.

Паводле следчых, выбух у метро зрабіў ураджэнец Кіргізстану з расейскім грамадзянствам Акбаржон Джалілаў.

3 красавіка ў вагоне метро ў Пецярбургу адбыўся тэракт, загінулі 14 чалавек і каля 50 — параненыя. Ніводная групоўка пакуль не ўзяла адказнасць за тое, што адбылося. У Маскве і Пецярбургу 5 і 6 красавіка прайшлі масавыя акцыі памяці ахвяраў тэракту.

svaboda.org