Па заступніцтва да Святой Агаты



Каталіцкія вернікі ўшаноўваюць памяць Святой Агаты. Гэтая святая была закатаваная на Сіцыліі ў Катаніі за тое, што прагнула захаваць чысціню і вернасць Хрысту. Праз год пасля яе смерці адбылося вывяржэнне вулкана Этна. Горад не быў знішчаны лавай, бо жыхары Сіцыліі прасілі ў малітвах заступніцтва ў Агаты. Дзякуючы гэтаму цуду, Агату пачалі лічыць апякункай, якая ахоўвае ад пажараў. У гэты дзень у Касцёле асвячаюць хлеб – сімвал цела Хрыста, соль і ваду. Што для вернікаў азначаюць гэтыя асвечаныя рэчы, выказаліся каталікі Глыбоччыны:

– Я пра Агату даўно ведаю, яшчэ як малая была. Яна – як заступніца. І пры пажарах, і пры бедах. Асвечаны хлеб трэба насіць з сабой. Я, як іду ў лес, бяру з сабой кавалачак хлеба, тады ні змяя не зачэпіць і нічога кепскага не здарыцца. Вось сын ад’язджаў вучыцца – кавалачак заўжды з сабой клала дзе-небудзь у сумку. Як бы аберагае Бог.

– Вось тут гаварыў ксёндз: гэта проста сімвал божай ласкі. Каб нас божанька бярог ад пажараў, ад усялякіх няўзгодаў, няшчасцяў.

– Мы асвячалі хлеб і ваду. Гэта самы памоцны хлеб. Трэба яго есці ад хваробаў, ад усяго.

Святая Агата таксама з’яўляецца апякункай прафесій, якія маюць справу з агнём, у тым ліку і пекараў. Выява Святой Агаты часта сустракаецца ў мастацтве рэнесансу і барока.

Беларускае Радыё Рацыя