Паб-квізы дакаціліся да Гомеля



Выпіць піва і сыграць у інтэлектуальную гульню. – Цяпер гэта сталася магчымым у Гомелі. У абласным цэнтры набіраюць папулярнасць інтэлектуальныя гульні ў стылі паб-квіз. Пытанні падчас гульні з гумарам і больш лёгкія, чым на „Што? Дзе? Калі?”. А ў дадатак можна расслабіцца і адпачыць. Пераможцаў чакае прыз: шампанскае. Радыё Рацыя пабывала на адным з гомельскіх паб-квізаў.

DSC_0513

„Pub – гэта паб. На нашую мову гэта можна перакласці як бар, кавярня. А quiz з ангельскай мовы – гэта віктарына. Паб-віктарына разлічаная на тое, каб, з аднаго боку, весела бавіць час у пабе. А з другога, рабіць гэта інтэлектуальна”, — тлумачыць, што такое паб-квіз ініцыятарка правядзення такой гульні Ксенія Чындарава.

Гомельская моладзь сабралася ў адным з мясцовых бараў. Прысутных  падзяліла на групы жэрабя. „Кожны, хто пажадае, можа прыйсці. На першую гульню мы запрашалі знаёмых. Аднак плануем, што будуць прыходзіць людзі, якія незнаёмыя між сабой. Жэрабя будзе вызначаць, у якой камандзе ім гуляць. І ўсю гульню яны могуць сядзець за столікам з тымі людзьмі, якіх яны і не ведаюць. Таму, можна сказаць, нашая гульня садзейнічае аб’ядноўванню людзей. Таму яна і называецца „Кантакат”, — гаворыць Ксенія Чындарава.

У Гомелі ўжо з’явіўся чацавёрты паб-квіз, які носіць назву „Кантакт”. Адметнасць гульні, якую арганізоўвае Ксеніяя, – пытанні гучаць не толькі па-руску, але і па-беларуску:

– У 2004 годзе пабачыла свет кніга:

А. Вобла ад Скоблы.

Б. Жбан піўца ад Чагрынца.

В.  Фіга з Нямігі.

Г. Дуліна ад Барадуліна.  – Гэта адно з пытанняў, якое прагучала на паб-квізе „Кантакт” у Гомелі.

Пытанні для гульні ініцыятары правядзення паб-віктарыны рыхтавалі самі. Яны разлічаныя на пачуццё гумару, логіку, кемлівасць. „Частку пытанняў мы шукалі ў Інтэрнэце, частку – з кніг, з часопісаў такіх, як „GEO” ці „Навука ў фокусе”. – Гаворыць кіраўнік інтэлектуальнага клуба „Кантакт” у гімназіі №51 Ірына Карпенка.

Ініцыятарка правядзення гульні Ксенія Чындарава распавядае, што падчас гульні маюцца пытанні, прысвечаныя Беларусі і Гомелю: „Тры туры віктарыны ў нас гучацаь па-руску, адзін тур –па-беларуску і прысвечаны цалкам Беларусі і Гомелю. І ў эрудыт-лато таксама некалькі пытанняў гучаць па-беларуску”.

Удзельнікі паб-віктарыны падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Дзяўчына: „Інтэлектуальныя гульні – гэта цікава, гэта вельмі карысна. Даведаліся, што будзе такая новая гульня. І было цікава паглядзець, што гэта такое”.

Хлопец: „Тут выпадкова размяркоўваюць людзей. Ёсць знаёмыя, ёсць незнаёмыя, але ўсе прыемныя”.

Дзяўчына: „Сяброўка параіла, сказала, што будзе цікавая гульня пад назвай „Кантакт”. Назва зацікавала, бо гэта, у першую чаргу, знаёмствы, стасункі”.

Ідэя правядзення паб-квізаў з’явілася ў Англіі ў 70-гадах мінулага стагоддзя. На сёння гэта папулярная гульня не толькі ў Еўропе, але і ў ЗША. Да прыкладу, у Велікабрытаніі штотыдзень адбываецца больш за 20 тысячаў паб-квізаў. У Беларусі паб-віктарыны праводзяць у Гомелі, Мінску, Бабруйску, Віцебску.

Юлія Сівец, Радыё Рацыя, Гомель

Фота: Юлія Сівец