Пад Гародняй асвяцілі помнік Івану Лепешаву



Асвячэнне новага помніка слыннаму беларускаму мовазнаўцу, беларускаму фразеолагу Івану Лепешаву прайшло на яго магіле, у вёсцы Аульс, ля Гародні.

Ужо два гады як няма славутага выкладчыка, прафесара Купалаўскага Універсітэта і грамадскага дзеяча. Ягоныя даведнікі, слоўнікі, манаграфіі, гістарычна-навуковыя працы складаюць багатую спадчыну.

 Кажа ягоны вучань і калега Мікола Даніловіч:

— Тое, што зрабіў ён, у плане навукі і ў плане ўплыву на іншых людзей у нашым грамадстве, ягоную справу, можна параўнаць са справай такіх знакавых фігураў у беларускай гісторыі як Міхал Федароўскі, як Карскі і нават з такімі фігурамі, якія тварылі беларускую культуру, беларускую гісторыю, літаратуру. Я б асмеліўся паставіць яго побач з такімі фігурамі як Купала, Багдановіч, Колас.

На асвячэнні былі ягоныя сваякі, вучні, калегі, грамадскія дзеячы Гародні, якія добра ведалі прафесара. Чын асвячэння помніка ажыццявіў праваслаўны святар Міхал Вялісейчык. Пахаванне прафесара Лепешава знаходзіцца на могілках Аульс у сектары 1Б.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня  

Фота аўтара