Пад Воршай улады абвясцілі вайну драўлянай альтанцы



У вёсцы Стаўры Аршанскага раёну адбываецца парадаксальная гісторыя. Старэйшына вёскі Ігар Грышанаў усталяваў невялічкую альтанку для аднавяскоўцаў, каб тыя спакойна чакалі прыезду аўтакрамы, нягледзячы на ападкі. Цікава, што ўладальнік аграсядзібы “Пуцяціна” ўсталяваў альтанку за ўласны кошт, выдаткаваўшы на ўстаноўку 50 мільёнаў беларускіх рублёў. Лавачка “ад улады”, якая знаходзіцца побач, не адпавядае патрэбам жыхароў – дах над ёй вельмі маленькі і памясціцца там можа не больш за пяць чалавек. У новай жа альтанцы, усталяванай на грошы старэйшыны вёскі, могуць перачакаць дождж ці снег значна больш людзей, пра што сведчаць і фотаздымкі. Да ўсталявання альтанкі жыхары, большасць якіх пенсіянеры, змушаныя былі мокнуць пад дажджом. Але сельскі выканкам Бабінічаў, да якога адносіцца вёска Стаўры, выдаў пастанову знесці “самабуд”. Канкрэтныя прэтэнзіі да Ігара Грышанава з’явіліся ў канцы снежня, хаця альтанка была ўсталяваная яшчэ ў траўні.

Раней у Стаўрах улады спрабавалі расправіцца з іншымі ідэямі ініцыятыўных жыхароў. І некаторыя рэчы ім удаліся. Напрыклад, бульдозер ААТ “Птушкафабрыка Аршанская” знішчыў сельскі клуб, якім карысталіся не толькі жыхары Стаўроў, але таксама суседніх Свісцёлак і Нарэйкава. Улады манілі, калі апісвалі, што клуб знаходзіцца нібыта ў аварыйным стане, бо быў пабудаваны ў 1935 годзе. Насамрэч пасля пажару ў 1985, на наступны год быў пастаўлены новы будынак, а ў 2013 праведзены яго рамонт. Улады не палічылі гэта прычынай, каб спыніць руйнаванне. У выніку цяпер у Стаўрах няма клуба, бібліятэкі, пастаяннай крамы. Аўталаўку, якая прыязджае ў вёску, пенсіянеры да пабудовы альтанкі вымушаныя былі чакаць, нягледзячы на прыродныя з’явы, і часам стаялі пад моцным дажджом.

Чаму ж улады не ўлічваюць, нават ігнаруюць інтарэсы жыхароў Стаўроў? Верагодна, сляды трэба шукаць у асобе самога Ігара Грышанава. Летась ён застаўся старэйшынам нягледзячы на супрацьстаянне з мясцовымі ўладамі, за яго адзінагалосна прагаласавалі жыхары вёскі на адмысловым сходзе. Такім чынам, Грышанаў з 2004 года нязменна застаецца старэйшынам і ўвесь гэты час ягоныя ініцыятывы выклікаюць прэтэнзіі. Напрыклад, бяскрыўдная пасадка пятнаццаці бярозак у памяць загінулых у тэракце ў менскім метро, раптам сталі перашкаджаць птушкафабрыцы, мемарыяльны знак палеглым у вайне з гітлераўцамі жыхарам Аршаншчыны мясцовыя чыноўнікі аднойчы назвалі ледзь не тэрыторыяй, захопленай Грышанавым для выкарыстання ў асабістых мэтах. Селькі клуб уладам удалося знішчыць, цяпер праблемай стала звычайная драўляная альтанка, зробленая для людзей. Варта адзначыць, што ўсе аб’екты, якія не падабаліся ўладам, усталёўваліся за кошт жыхароў Стаўроў, ад улады нічога не патрабавалі.

У вёсцы Стаўры не так даўно пражывалі 98 жыхароў, цяпер жывуць 66, прычым не ўсе пенсійнага веку, ёсць нават маладыя маці са сваімі дзецьмі. Гэта дае падставу назваць Стаўры жывой вёскай. Разам з тымі, хто мае на тэрыторыі вёскі лецішчы і таксама часам бярэ ўдзел у стаўроўскіх культурных захадах, у Стаўрах жывуць 106 чалавек. Старэйшына Ігар Грышанаў не збіраецца здавацца і абяцае працягваць змаганне за права стаўроўцаў на камфорт.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша