У Віцебску спалілі абяцанні ўладаў



У абласным цэнтры адбыўся круглы стол з удзелам сябраў ініцыятывы „За якасную медыцыну”. На ім прадстаўнікі грамадскай супольнасці, медыкі і актывісты з іншых гарадоў Віцебшчыны, якія далучыліся ці збіраюцца далучацца да кампаніі, абмяркоўвалі вынікі ініцыятывы і далейшыя крокі. Напрыканцы сустрэчы адбыўся перформанс „Спаленыя чаканні”. Як кажа лідар віцебскай суполкі БХД, каардынатар ініцыятывы „За якасную медыцыну” Таццяна Севярынец, акцыя адлюстравала стаўленне чыноўнікаў да набалелых праблемаў і стану медыцыны ў Віцебску:

– Мы б’емся ў дзверы ўжо другі год. У розныя дзверы і рознага ўзроўню. І калі нешта зварушылася ў нас у пачатку гэтага года, то зараз зноў усё застыла, сцішылася. Будаўніцтва сёмай паліклінікі спыненае, рамонты ўсе спыненыя. Краны толькі стаяць. Гэта жах.

Сябры ініцыятывы „За якасную медыцыну” збіраюць подпісы пад зваротам да мясцовых уладаў. Яны звяртаюць увагу на найбольш балючыя праблемы Віцебска і рэгіёна. А гэта працяглае чаканне на прыём да вузкіх спецыялістаў, даўгабуды і замарожванне рамонтаў медыцынскіх установаў. У прыватнасці, паліклініку ў мікрараёне Білева чакаюць ужо пяць год, хоць чыноўнікі абяцалі завершыць будаўніцтва ў 2014-м годзе.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bchd.info