Пайшла з жыцця Святлана Мулявіна-Пенкіна



Памерла Святлана Мулявіна-Пенкіна – савецкая акторка і ўдава заснавальніка ансамбля „Песняры” народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна. Пра смерць Мулявінай-Пенкінай стала вядома 20 кастрычніка.

penkina-mulyavin

Па словах работнікаў Белдзяржфілармоніі, у структуры якой працавала Мулявіна-Пенкіна, у апошні час яна жыла на здымнай кватэры. Некалькі дзён не выходзіла на працу, не адказвала на тэлефонныя званкі. Калегі і сын пачалі шукаць жанчыну і знайшлі яе памерлай на здымнай кватэры. Дакладная дата і прычына смерці пакуль не вядомыя.

Святлана Пенкіна нарадзілася 6 чэрвеня 1951 года. Скончыла Менскі тэатральна-мастацкі інстытут. Вядомасць як акторка атрымала пасля ролі Каці ў савецкім 13-серыйным тэлефільме «Блуканне па пакутах» паводле аднайменнага рамана Аляксея Талстога.

1025728662

На здымку: Святлана Пенкіна (справа) і Ірына Алфёрава

У 1981 году выйшаў на экраны фільм «Беражыце жанчын», у якім Святлана Пенкіна  згуляла адну з галоўных роляў.

У гэтым жа годзе Святлана Пенкіна выйшла замуж за мастацкага кіраўніка ВІА „Песняры” Уладзіміра Мулявіна. Праз год у сям’і нарадзіўся сын Валерый. Пасля замужжа актрыса знялася ў двух стужках у эпізадычных ролях і завяршыла кар’еру.

Пасля смерці Уладзіміра Мулявіна ў Белдзяржфілармоніі быў створаны музей заснавальніка «Песняроў», дырэктарам якога працавала Святлана Мулявіна-Пенкіна.

naviny.by

Фота Sofmixer.com