Пайшла з жыцця знакамітая балерына Мая Плісецкая



Мая Плісецкая памерла ў Нямеччыне ад сардэчнага прыступу, ёй было 89 гадоў. Вестку пра смерць Плісецкай паведаміў муж балерыны, кампазітар Радзівон Шчадрын. Карані сям’і знакамітай балярыны звязаныя з беларускім Гомелем – перадае наш карэспандэнт:

– Мала хто ведае, што Мая Плісецкая паходзіць з роду заможных гомельскіх яўрэяў, якія ў ХІХ стагоддзі перабраліся ў Беларусь з Украіны, ратуючыся ад пагромаў. Да рэвалюцыі Плісецкія былі ўласнікамі крамы пісьмовых тавараў, якая знаходзілася ў цэнтры Гомеля за цяперашнім Домам Камуны. Напачатку дваццатых гадоў Мойша Плісецкі пераехаў у Маскву, дзе пазнаёміўся з віленскай яўрэйкай Рахіллю Месерэр. Ад гэтага шлюбу і нарадзілася будучая балерына.

Мая Плісецкая была прымай Вялікага тэатра даўжэй, чым хто-небудзь — з 1943 да 1990 года. У 1966 яна была ў ліку 25-ці дзеячаў культуры, якія не пабаяліся падпісаць калектыўны ліст Брэжневу супраць рэабілітацыі Сталіна. У 1991 годзе Плісецкая і Шчадрын прынялі грамадзянства Літвы, але жылі яны пераважна ў Нямеччыне.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота  bimru.ru