Паліна Шарэнда-Панасюк аштрафаваная на 345 рублёў



Суд Маскоўскага раёна Берасця 27 сакавіка аштрафаваў мясцовую актывістку грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Паліну Шарэнду-Панасюк на 15 базавых велічынь (345 рублёў), абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КоАП).

Як паведаміла актывістка, яе затрымалі ў Берасці 25 сакавіка каля 12.30 побач з крамай, куды яна заходзіла купіць прадукты.

„Некалькі чалавек у цывільным адзенні, якія ў гэты дзень з самай раніцы дзяжурылі ля пад’езда майго дома, без усялякіх тлумачэнняў схапілі мяне і пасадзілі ў аўтамабіль. У міліцыі, куды мяне даставілі, я даведалася, што нібыта нецэнзурна выказвалася, і за гэта на мяне склалі пратакол”, — сказала Шарэнда-Панасюк.

Да суда яе змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.

„Справа была сфабрыкаваная, каб ізаляваць мяне на час планаванай 26 сакавіка ў Берасці акцыі пратэсту”, — заявіла актывістка.

У Берасці 26 сакавіка з 12.00 да 13.00 на плошчы Леніна было затрымана 14 чалавек. Супрацоўнікі міліцыі даставілі іх у Ленінскі РАУС. Там з затрыманымі правялі прафілактычную гутарку. Да 15.00 усіх адпусцілі.

14 сакавіка Паліна Шарэнда-Панасюк была аштрафаваная судом Ленінскага раёна Брэста на 690 рублёў (30 базавых велічынь) за ўдзел у акцыі супраць дэкрэта „аб дармаедах”, якая прайшла ў абласным цэнтры двума днямі раней. Тады суд прызнаў актывістку вінаватай у парушэнні ўсталяванага парадку правядзення масавага мерапрыемства (ч. 3 арт. 23.34 КоАП) і непадпарадкаванні законнаму распараджэнню службовай асобы (23.4 КоАП).

БелаПАН