Палітвязня Касінерава выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе



Палітвязень Вячаслаў Касінераў выйшаў на волю 21 красавіка з менскага СІЗА №1 на Валадарскага. Яму зменена мера стрымання.

Вызваленне стала для хлопца сюрпрызам.

“Было нечакана. Добрыя навіны, хоць нешта за апошні час, бо я рыхтаваўся да самага страшнага. Чакаў, што артымаю гады. І тое, што зараз пайду дахаты, — вельмі нечакана”, – прызнаўся Вячаслаў.

“Спадзяюся, што гэта (маё вызваленне) зрабілі яны: сябры, паплечнікі, грамадская супольнасць і, канешне, мая цудоўная дзяўчына.

Адпусцілі мяне пад падпіску. Я не баюся гэтага, бо сістэма, дзякуючы распаўсюду інфармацыі, адступіла ад сваёй карнай пазіцыі».

Вячаславу Касінераву было выстаўлена абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за праведзены ім 12 сакавіка 2017 года каля будынку МУС перформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на ўсталяваную там статую паліцэйскага-гарадавога. Ён сцвярджаў, што выказаў такім чынам свой пратэст супраць самавольства ведамства міністра Шуневіча і пераследу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Паводле nn.by