Памёр аршанскі актывіст Алесь Шутаў



Раптоўна пайшоў з жыцця аршанскі актывіст Алесь Шутаў. Яшчэ будучы студэнтам у 1990-х ён далучыўся да БНФ «Адраджэньне». Пазней стаў заснавальнікам суполкі «Звяз», якая дасюль працуе і з’яўляецца адзінай зарэгістраванай моладзевай грамадскай арганізацыяй у рэгіёне.

„Ягоная смерць была нечаканасцю, я ў шоку,” – сказаў ягоны сябра, аршанец Арцём Сізінцаў:

– Ведаю, што Алесь захварэў на пнеўманію, некалькі дзён таму яго паклалі ў бальніцу. Яшчэ ўчора было ўсё нармальна. Не магу сказаць, што Алесь кепска сябе адчуваў, або скардзіўся на нешта. Ён заўсёды быў пазітыўным чалавекам. І штодзённа гэта паказваў. Адным словам, гэта шок абсалютнейшы.

Алесь запомніўся мне многімі рэчамі, перадусім ягонай неверагоднай памяццю. Ён ведаў на памяць больш за некалькі сотняў нумароў. Ніколі не запісваў іх ні ў нататнік, ні ў тэлефон. Проста ведаў іх напамяць.

1 верасьня Алесь Шутаў адзначыў сваё 46-годдзе.

Развітанне з Алесем Шутавым адбудзецца ў Воршы ў пятніцу, 7-га кастрычніка.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя