У Менску развіталіся са Змітром Саўкам (абноўлена)



Заўчасна памёр выдатны мовазнаўца, энцыклапедыст, кіраўнік моўнай службы на тэлеканале “Белсат” і проста шчыры беларус Зміцер Саўка. Яму споўнілася ўсяго 50 гадоў.

Мастак і сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў Аляксей Марачкін прыгадвае пра тое, што ў 80-ыя гады Зміцер Саўка быў актыўным удзельнікам моладзевага аб’яднання “Майстроўня”:

– Такое ў нас вялікае гора. Так здарылася, што ў гэтым годзе так сыплюцца людзі, бяда надарылася і з нашым вядомым, сапраўдным беларусам – Зміцер Саўка адыйшоў на неба. У параўнанні з ім я такі сталы чалавек… Я заўсёды ім захапляўся – і выступамі на Белсаце, як ён адстойваў нашыя беларускія ідэалы і найперш – мову. Калі ён гаварыў па-беларуску, то здавалася, што салавей спявае. Хацелася слухаць яго і слухаць.

 Аляксей Мінчонак, генеральны прадусар тэлеканала «Белсат» у Беларусі:

— Зміцер Саўка быў душой «Белсату», і гэта не проста прыгожае слова, а праўда. І хоць гледачы яго рэдка бачылі, бо на тэлеэкране ён з’яўляўся толькі ў межах сваёй праграмы «Моўнік», але плён ягонай працы быў чутны і бачны кожны дзень эфіру, бо сапраўднае тэлебачанне, якім імкнецца быць «Белсат» вымагае ідэальнай тэкставай формы. Мова павінна быць эталонная і Зміцер Саўка стварыў гэты эталон: моўную службу «Белсату», структуру, якая працуе кожны дзень і нават сёння некаторыя супрацоўнікі не змогуць прыйсці і развітацца з ім, бо мусяць быць на працы. Для нас гэта вельмі вялікая страта і яе немагчыма ні з чым параўнаць. Ён да апошніх дзён заставаўся актыўным чалавекам, яшчэ літаральна ў пятніцу я размаўляў з ім. У яго былі планы і ён сам не чакаў такога заканчэння, але, на жаль, тут Бог вырашае. Шчырыя словы падтрымкі для сям′і Змітра і для ўсіх, хто яго ведаў.

Я прыгадваю такі момант, калі толькі пачаў працаваць на «Белсаце» і рабіў матэрыял з Маладэчна, у мяне ўзнікла пытанне: як напісаць: Маладэчна, ці Маладзечна. Я патэлефанаваў Змітру, каб спытаць пра гэта і мы размаўлялі 15-20 хвілін: ён распавёў мне гісторыю гэтага горада, чаму трэба казаць менавіта так, як ён лічыць, усё абгрунтаваў. Не было так, што кіраўнік моўнай службы Зміцер Саўка вырашыў і без абмеркавання рабіце вось так. Ён заўсёды тлумачыў: чаму менавіта так. Бываюць людзі, якія навязваюць сваю думку, а Саўка не быў навязлівым, ён быў цікавым. Нават сустрэўшы яго ў горадзе не было так, што ты проста вітаўся і да пабачэння. Заўсёды была нейкая размова, хоць і кароткая, на 3 хвіліны, але гэтая размова мела свой пачатак, кульмінацыю і канец.

РР: Школа, створаная ім на «Белсаце» будзе мець працяг?

— Вядома. Яна працягвае жыць. Гэта тыя супрацоўнікі, што працавалі з ім. Што цікава, гэта цалкам жаночы калектыў, акрамя Змітра там не было мужчынаў. Ён перадаў свае веды і я думаю, што знойдзецца чалавек, які працягне ягоную справу. Вечная, светлая памяць…

Алена Анісім, мовазнаўца, першы намеснік старшыні ТБМ:

— У суботу прыйшла жахлівая вестка пра нечаканую для мяне смерць Змітра Саўкі. Як кажуць «ударыла па галаве» тым больш, што яна прыйшла пасля таго, як нядаўна адышоў наш паэт Ніл Гілевіч. Страты для беларускасці кожны раз чапляюць і змушаюць перажываць і за адыход такіх людзей, і за справу, якой мы ўсё займаліся. Для мяне асабіста гэта таксама страта чалавека, якога я ведала. Мы былі паплечнікамі і рабілі адну справу, бо гэта быў поспех кожнага паасобку і поспех нашай агульнай справы. Таму гэта вельмі цяжкая страта. Самыя шчырыя спачуванні родным і блізкім, бо Зміцер быў чалавек шчыры, адкрыты і гэта прываблівала да яго многіх людзей. Светлая памяць…

* * *

Зміцер Саўка нарадзіўся 26 ліпеня 1965 года ў Менску. Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979—1984).

Зьміцер_Саўка_—_Zmicier_Saǔka_002

Аўтар кніг «Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі. Бібліяграфія» (у сааўтарстве з В. Кіпелем; Нью-Ёрк—Мінск, 2002) і «Беларускі клясычны правапіс» (у сааўтарстве з Юрыем Бушляковым, Вінцуком Вячоркам, Зміцерам Санько; Вільня—Менск, 2005)

Кіраўнік моўнай службы тэлеканала «Белсат». Адзін з аўтараў праграмы «Моўнік».

https://youtu.be/dSHQeC_URrI

У 2015 годзе разам з моўнай службай «Белсату» і пры чыннай дапамозе валанцёраў стварыў моўны онлайн-сэрвіс «Добрапіс».

Зміцер Саўка хварэў на рак.

Беларускае Радыё Рацыя, паводле belsat.eu

Фота: belsat.eu