Сёння развітанне з Сяргеем Ханжанковым



Развітанне з Сяргеем Ханжанковым адбудзецца сёння, 17 сакавіка, а 15-й гадзіне ў рытуальнай зале крэматорыя на Паўночных могілках Менску.

Яшчэ напачатку 60-х дысідэнт стварыў антысавецкую групоўку і збіраўся ўзарваць тэлевышку, што і зараз стаіць ля сталічнага касцёла Святога Роха. Усе ведалі, што гэтая канструкцыя выконвала адну функцыю – глушыць замежныя радыёстанцыі. А праслухоўванне навінаў на варожых хвалях тады было масавай з’явай. Пра гэта дысідэнт распавёў у інтэрв’ю Радыё Рацыя тры гады таму.

– Усе набывалі прыёмнікі з гэтай мэтай – слухаць замежныя галасы. Інакш навошта, бо ў кожным доме была радыёкропка.

Падрыў глушылкі ў Менску мусіў стаць сімвалічнай, дэманстратыўнай і бяскроўнай акцыяй. 27 траўня 1963 году яго і ягоных сяброў арыштавалі савецкія спецорганы. 7 кастрычніка таго ж году засуджаны за «спробу зрабіць дыверсію» і «антысавецкую агітацыю і прапаганду» да 10 гадоў лагераў.

Пасля вызвалення з лагераў вярнуўся ў Менск. Працаваў інжынерам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектавання аўтадарог, на заводзе імя Кірава. З 2002-га на пенсіі. .Не рэабілітаваны і рэабілітацыі ніколі не дамагаўся.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Менску памёр праваабаронца, палітвязень яшчэ савецкіх часоў Сяргей Ханжанкоў. У 1963 годзе ён быў асуджаны на 10 гадоў зняволення. Хаджанкоў быў прызнаны вінаватым у спробе падарваць „глушылку”, якая перашкаджала слухаць замежныя радыёстанцыі, а таксама за антысавецкую агітацыю і прапаганду. Па словах старшыні Руху салідарнасці „Разам” Вячаслава Сіўчыка, у асобе Сяргея Ханжанкова Беларусь згубіла велічную постаць дваццатага стагоддзя. У самыя савецкія безнадзейныя часы ён быў абсалютна несавецкім чалавекам, – кажа Вячаслаў Сіўчык:

– Яшчэ студэнтам ён спрабаваў змагацца з камуністамі. Стварыў групу, за што яго на 10 гадоў кінулі ў Мардоўскія лагеры. Увесь гэты тэрмін адбыў да канца. Калі ён выйшаў на свабоду, ён увесь час быў на ўліку КДБ, але гэта ніяк не памяняла яго перакананняў, што і “беларусы мусяць людзьмі звацца”. Сяргей Мікалаевіч Ханжанкоў быў заснавалнікам Руху салідарнасці “Разам”, і шэраг акцый, якія праводзіў рух, праходзілі з ініцыятывы як раз Сяргея Мікалаевіча.

Па словах Вячаслава Сіўчыка, былыя палітычныя вязні Мардоўскіх лагераў, дзе адбываў свой тэрмін Сяргей Ханжанкоў, добра памятаюць і паважаюць гэтага чалавека. Там было нямала палітычных зняволеных з розных рэспублік былога СССР. Напрыклад, такі вядомы змагар за вольную Украіну Юрый Шухевіч, з якім Сяргей Ханжанкоў быў добра знаёмы. „Таму гэта страта не толькі для Беларусі, але і для Украіны, і для іншых краінаў, былых рэспублік Савецкага Саюзу” – сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Пра смерць былога палітвязня і грамадcкага актывіста Сяргея Ханжанкова паведаміла яго жонка Алена Скам’янава.

72639878-6A8E-4F09-9727-AC2D8E65916F_mw1349_mh580_s

„Ён памёр у сваёй хаце ў Менску пасля цяжкай хваробы а 10 гадзіне раніцы. Калі пахаванне, пакуль невядома”, – сказала ўдава.

Сяргей Ханжанкоў нарадзіўся 13 сакавіка 1942 года ў пасёлку Усць-Уціны Магаданскай вобласці ў сям’і былых палітзняволеных (бацька быў асуджаны ў 1935-м, дзед па матчынай лініі – у 1929-м). У 1955-м сям’і дазволілі вярнуцца ў Менск.

З 1959-га Сяргей Ханжанкоў – студэнт гідратэхнічнага факультэта Беларускага палітэхнічнага інстытута.

27 траўня 1963 году яго і ягоных сяброў арыштавалі савецкія спецворганы. 7 кастрычніка таго ж года засуджаны за „спробу зрабіць дыверсію” і „антысавецкую агітацыю і прапаганду” да 10 гадоў лагераў.

З сябрамі Ханжанкоў хацеў узарваць менскую вежу-глушылку, але быў выкрыты ўладамі.

Пасля вызвалення з лагераў у 1973-м вярнуўся ў Менск. Працаваў інжынерам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектавання аўтадарог, на заводзе імя Кірава. З 2002-га на пенсіі. Удзельнік I-га з’езда палітзняволеных (жнівень 1990-га, Санкт-Пецярбург).

Не рэабілітаваны і рэабілітацыі ніколі не дамагаўся.

svaboda.org